У Нацыянальным мастацкім музеі ўпершыню тактыльная экспазіцыя

21 января 2019

Зараз карціны можна ўбачыць сваімі рукамі. У Нацыянальным мастацкім музеі ўпершыню тактыльная экспазіцыя. Сем фактурных прац напісаў малады беларускі мастак Васіль Зянько. Жывапіс з літаратурнымі ўкрапінамі распрацаваны спецыяльна для людзей, якія не бачаць. На ўнікальнай для Беларусі выставе пабывала Лідзія Заблоцкая.

Маша стала першым "чытачом" карцін для невідушчых людзей. Дзяўчына страціла магчымасць бачыць яшчэ ў дзяцінстве.

Піяністка дапамагала мастаку Васілю Зянько ў распрацоўцы маляўніча-паэтычных сублімацый. Перакладала пункціры Алеся Разанава ў шрыфт Брайля.

Вядомая азбука стала дапаможным ключом да прагляду малюнкаў з дапамогай рук. Кожны невідушчы чалавек можа прачытаць радкі дакрананнямі пальцаў, а ўжо пасля - скласці канцэпцыю карцін у сваім уяўленні.

Мастак захаваў аўтарскі - рэльефны - почырк. Ён падышоў да праекта як нельга дарэчы. Ніякіх звышвынаходак. Прыпаднятая паверхня, плыўныя лініі і акрыл. За год працы колеравыя пяцірадкоўі ператварыліся ў вобразныя ілюстрацыі.

Гэты інклюзіўны праект распрацавалі ва ўнікальнай лабараторыі "ІнкАртЛаб". За паўтара года беларусы і шведы абмяняліся мастацкімі методыкамі і стварылі інавацыйныя формы мастацтва для асаблівых людзей. Новыя распрацоўкі пакажуць на IV Нацыянальным музейным форуме.

Сярод культурных навін - стварэнне відэагіда па экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага, відэаролікі на аснове карцін і музычна-сцэнічныя перформансы.

Убачыць карціны сваімі рукамі можна ў Нацыянальным мастацкім да лютага.