У Нацыянальным мастацкім музеі прымаў віншаванні тэлеканал "Беларусь 3"

8 февраля 2018

З храма тэлебачання ў храм муз. У сваё пяцігоддзе канал "Беларусь 3" змяніў тэлевізійныя павільёны на музейныя залы.

Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі з першым юбілеем нашых калег павіншавалі не толькі прадстаўнікі дзяржаўных ведамстваў, але і іх пастаянныя героі і кансультанты, артысты, музыканты, кампазітары мастакі, пісьменнікі і іншыя. З моманту заснавання "Беларусь 3" дорыць гледачам залаты фонд айчыннага і сусветнага кінамастацтва, знаёміць з тэатральнымі прэм'ерамі і класічнымі пастаноўкамі, музычнымі канцэртамі вядомых выканаўцаў і адкрывае новыя імёны.

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Пройдуць гады, пройдуць дзесяцігоддзі, забудуцца артыкулы ў Інтэрнэце, я не ведаю, забудуцца футбольныя матчы, але тое, што здымае тэлеканал "Беларусь 3" назаўжды застанецца ў архівах і назаўжды застанецца ў гісторыі. Тут, вядома, роля тэлеканала "Беларусь 3" неацэнная. Таму з днём нараджэння! Я думаю, што тэлеканал будзе толькі развівацца і адзначыць сваё стагоддзе".

Раман Матульскі, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: "Хочацца, каб дзякуючы вашаму каналу тыя традыцыі, што жылі, існавалі на Беларусі, вярнуліся ў наша сучаснае жыццё, сталі элементам нашай паўсядзённай культуры. Тады можна будзе лічыць, што ваша місія выкананая".

У юбілейны вечар тых, дзякуючы каму фарміруецца эфір тэлеканала "Беларусь 3", за высокі прафесіяналізм, добрасумленную плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, папулярызацыю беларускай культуры і мастацтва і шматлікія іншыя заслугі ўзнагародзілі ад Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі Беларусі.