У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава Настаўнік і вучні, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Паўла Васільевіча Масленікава (1914-1995), народнага мастака Беларусі. Да юбілею мэтра выпушчаныя сярэбраная памятная манета і канверт з маркай.
На ўрачыстым мерапрыемстве пабывала наш культурны аглядальнік Ларыса Гулякевіч. Такімі мастакамі ХХ стагоддзя ганарыцца Беларусь. Павел Масленікаў - прызананы майстар пейзажнага жывапісу і тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва. Культурная грамадскасць адзначае 100-гадовы юбілей мэтра.
Чалавек-адраджэнне. Як мастак, як асоба і грамадзянін. А яшчэ Павел Масленікаў - настаўнік з вялікай літары. Сваім вучням ён не толькі перадаў вопыт майстра і душу бацькі. Сваім студэнтам ён купляў фарбы і пэндзалі, малако і цукеркі.
Дэкарацыі для тэатральных спектакляў, беларускія краявіды, партрэты. Нацыянальная мастацкая школа і прыклад працаздольнасці, годнасці і гонару за любімую радзіму.
У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея 50 жывапісных твораў. Тут пейзажы, створаныя Масленікавым ад канца 1940-га да пачатку 1990-х. Гэта далёка не ўся яго мастацкая спадчына. Лёс сваіх работ мастак вырашыў яшчэ пры жыцці і перадаў (а гэта каля 140 палотнаў, эскізаў дэкарацый і касцюмаў) Магілёўскаму абласному мастацкаму музею і музеям Магілёўшчыны, дзе ён нарадзіўся. З эцюднікам на плячах ён аб'ездзіў не толькі ўсе закуткі Беларусі, але і краіны Усходу і Захаду.
Павел Васільевіч Масленікаў выкладаў у Тэатральна-мастацкім інстытуце, зараз Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выхаваў не адно пакаленне мастакоў. У экспазіцыі Настаўнік і вучні каля 11 работ вучняў Паўла Масленікава, вядомых і паспяховых на сённяшні дзень, якія працягваюць справу і мастацкую школу мэтра.
Да 100-гадовага юбілею народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава выпушчаныя сярэбраная памятная манета і канверт з маркай.














