У Нацыянальным мастацкім музеі ўшаноўвалі Васіля Шаранговіча

22 марта 2019

У Нацыянальным мастацкім музеі сёння ўшаноўвалі Васіля Шаранговіча. Народнаму мастаку Беларусі - 80, і ў гонар вялікай даты галоўны музей краіны зладзіў экспазіцыю больш як з сотні работ майстра. Графіка і акварэль. Новыя і даўно знаёмыя работы. А галоўнае, што стала цэнтрам вернісажу, - сам аўтар, якому большасць з прысутных дзякавала не толькі за творчасць, але яшчэ за настаўніцкі дар і майстэрства, якім заснавальнік нацыянальнай графічнай школы многія гады шчодра дзяліўся з маладымі мастакамі. Наталля Бардзілоўская прачула канцэнтрацыю людской любові і падзякі майстру.

Ён пачаў і пачаўся з вёскі. І серыю самых новых з апошніх сваіх работ прысвяціў роднай Мядзельшчыне. Галоўная зала юбілейнай выставы Шаранговіча аддадзена мястэчку Качаны, якое ў пейзажах, нацюрмортах і партрэтах яго землякоў.

Землякі і вучні - так можна было б назваць сённяшнюю імпрэзу. Павітаць майстра ў Нацыянальны мастацкі музей сабраліся сябры, калегі і вучні. Шаранговіч больш за чвэрць стагоддзя настаўнічае. Заснавальнік школы графікаў, рэктар Акадэміі мастацтваў у няпростыя 90-я - тады прыйшлося ахвяраваць уласнай творчасцю, каб стварыць моцны калектыў і ўдыхнуць нацыянальнае ў адукацыйны мастацкі працэс.

Тыя, хто яго ведае, называюць яго патрыярхам, жывым класікам. Мастацкі скарб Шаранговіча - тысячы работ, праграмныя цыклы. Сотні палотнаў - у фондах Нацыянальнага мастацкага, і некаторыя іншыя музеі краіны ганарацца тым, што валодаюць графічнай і акварэльнай спадчынай майстра.

Нават калі не ведаць, хто такі Васіль Шаранговіч, трэба проста адкрыць кнігі нацыянальных класікаў. Адам Міцкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля і Максім Гарэцкі - іх творы раскрыты і ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі. Адной толькі "Новай зямлі" Шаранговіч прысвяціў 90 малюнкаў! Зрэшты, увасобіць паэму Коласа ён марыў з дзяцінства. Здзейсніў мару на памежжы стагоддзяў - напрыканцы 90-х - пачатку 2000-х.

Палова выставачных работ - новая, але асноўная ўвага людзей да "Пана Тадэвуша". Песня беларускай зямлі і народа - класіка праз часы. На ёй выхоўваюцца пакаленні.

Кветкі, аўтографы, абдымкі... І афіцыйныя прызнанні. З высокай трыбуны сёння мастак названы Чалавекам года ў галіне выяўленчага мастацтва. Ад беларускага Фонду культуры Шаранговічу ўручаны сімвалічны ордэн "руплівец-стваральнік".

Усё жыццё заўсёды сярод людзей, але апошнія гады хварэў. Сёння ж для Васіля Шаранговіча - новы подых і энергетычны запал. Купаючыся ў любові людзей і прызнанні свайго таленту і працавітасці, майстар думае пра заўтрашні дзень у майстэрні. На мальберце ж выспявае новая знакавая серыя.