У Нацыянальным мастацкім музеі будуць ушаноўваць Васіля Шаранговіча. Юбіляру 80 гадоў

22 марта 2019

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі сёння будуць ушаноўваць  Васіля Шаранговіча. Класік айчыннага выяўленчага мастацтва юбіляр - яму 80! Вялікай даце прысвечаная  персанальная выстава майстра. Працы да экспазіцыі народны мастак Беларусі  не толькі адбіраў асабіста. Ён курыраваў кожны этап экспазіцыйнай падрыхтоўкі.

Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Равеснік музея - 80-гадовы Васіль Шаранговіч з пакалення, якое вельмі адказнае. За два дні да вернісажу майстар, нягледзячы на праблемы са здароўем, асабіста прыйшоў на Леніна, 20 прымаць экспазіцыю.

Дзве залы ў шэрых тонах на першым паверсе. Работ сабралася з трох калекцый - асабістай мастака і двух музеяў: Нацыянальнага мастацкага і імя Янкі Купалы. Больш як 112 карцін - толькі дзясятая частка ад таго, што напісаў Шаранговіч. Але і гэтую колькасць прынята рашэнне скарачаць - буйная экспазіцыя здалася аўтару перагружанай.

Шаранговіч сам прыбірае непатрэбныя работы.

Вось гэтыя пяць палоцен глядач убачыць толькі з тэлеэкрана, на выставе іх няма. Увогуле, экспазіцыю падзялілі на тры раздзелы:

гуаш да твораў Янкі Купалы, ілюстрацыі да "Пана Тадэвуша" Міцкевіча і акварэльная лірыка.

У гэтай зале – самыя новыя работы Шаранговіча. Іх, акрамя сям'і мастака, не бачыў яшчэ ніхто. Дзясяткі акварэляў. Пейзаж. Партрэт. Нацюрморт. У іх прысвячэнне малой радзіме творцы – Мядзельшчыне.

Шаранговіч - акварэліст і графік. На выставе вітрыны з малюнкамі, зробленымі віртуознай тэхнікай - адной бесперапыннай лініяй! 

Сёння Шаранговіч вяртаецца ў галоўны музей пасля некаторага перапынку: быў перыяд рэктарства, жыццёвыя пытанні.

У галоўным музеі краіны, які звычайна збірае сваімі праектамі бамонд, сёння вечарам чакаецца адкрыццё выставы Васіля Шаранговіча.