У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі выставілі работы Івана Айвазоўскага

7 июля 2016

У сталай экспазіцыі рускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі - папаўненне. З фондаў выставілі работы вядомага ўсяму свету марыніста і калекцыянера Івана Айвазоўскага. На адной пляцоўцы 9 палотнаў, напісаных у розных пунктах зямнога шара. Падрабязней - Вольга Мядзведзь.

Майстар лёгкай рысы, почырк якога дагэтуль выклікае спрэчкі. Прасякнутыя морам палотны Івана Айвазоўскага адшукваюць калекцыянеры з усяго свету. За сваё жыццё марыніст напісаў больш за 6 000 карцін. У фондах Нацыянальнага мастацкага музея 15 работ: 13 жывапісных і 2 графічныя. Але сталую экспазіцыю папоўнілі толькі 9 твораў. Зараз некалькі палотнаў знаходзяцца на выязных выставах, а самае вялікае палатно са збору музея "Бура на моры" 1887 года чакае рэстаўрацыі.

Аляксей Хорак, загаддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: "Мы спадзяемся, што да 200-годдзя з дня нараджэння Івана Канстанцінавіча Айвазоўскага, якое здарыцца ў наступным годзе, мы зможам экспанаваць гэтую работу. Адпаведна мы правядзем яшчэ нейкую рээкспазіцыю гэтай залы і спадзяемся такім чынам адзначыць юбілей мастака".

Сярод выстаўленых карцін - палатно, якое магло б упрыгожваць імператарскія пакоі. Італьянскі краявід "Месячная ноч у Амальфі" 1845 года Айвазоўскі напісаў па заказе для міністра юстыцыі ў пары з яшчэ адным творам. Імператар Мікалай І, убачыўшы мастацкі дуэт, пажадаў яго набыць і паведаміў пра гэта мастаку падчас вячэрняга праменаду. Аднак пейзажная пара ўсё ж дасталася першапачатковаму заказчыку.

Ніагарскі вадаспад па памяці. У шаноўным узросце 75 гадоў Айвазоўскі адправіўся ў Амерыку. Падчас падарожжа мастака ўразіў цуд прыроды. Знаходзячыся ў Нью-Ёрку, пра што сведчыць надпіс на зваротным баку палатна, мастак узнавіў той самы Ніагарскі вадаспад. У фонды нашага музея самы ранні варыянт карціны патрапіў у 1981 годзе з прыватнай калекцыі.

У асноўным усе краявіды мастак ствараў у майстэрні. Гэтым ён і адрозніваўся ад жывапісцаў з эцюднікам. Момант прыгожага ён захоўваў не адразу на месцы, а спачатку ў сваёй памяці, пасля чаго пераносіў уражанні ад убачанага на палатно. Палотны, якія папоўнілі экспазіцыю рускага мастацтва, дэманструюць усе перыяды творчага станаўлення майстра. Самая ранняя карціна з фондаў датуецца 1845 годам, а самая позняя была напісаная за некалькі гадоў да смерці мастака. Усе работы выкупленыя з прыватных калекцый.