У Нацыянальным драматычным сёння рэстарт юбілейнага сезона

15 июня 2020
Купалаўскі зноў адчыняе дзверы для гледачоў. У Нацыянальным драматычным сёння рэстарт юбілейнага сезона. Пасля вымушанага з-за эпідсітуацыі працяглага перапынку і пераносу дзясятка спектакляў  тэатр вяртаецца да працы ў рэжыме афлайн. І зноў з легендарнай "Паўлінкай". Праўда, з некаторымі змяненнямі. Падрабязнасці  ў Лідзіі Заблоцкай.

Купалаўскі пачынае юбілейны сезон 2.0


Праз два месяцы маўчання тут зноў  вячэрняе тэатральнае рандэву. Дзясяткі гледачоў, якія засумавалі па класічных спектаклях. 

Хто адсочвае афішу Купалаўскага, ведае, што сёння павінен быць нетыповы паказ - прэм'ера пластычнай біяграфіі Марка Шагала. Але сітуацыя ўнесла свае карэктывы: паказ ізноў перанеслі, убачым напрыканцы лета. Зараз жа запускаюць юбілейны сезон 2.0 нанова. "Паўлінка" засумавала па гледачах, таму з яе  традыцыйны рэстарт.

100 месцаў з дыстанцыяй  2 крэслы


Саму афішу ўвогуле не змянялі: проста перанеслі даты паказу. Білеты, купленыя ў красавіку, дзейнічаюць і сёння. Праўда, зала ўсё роўна напалову пустая. На тое ёсць аб'ектыўныя прычыны.

Адзінае, што адрознівае два аднолькавыя сезоны. Раней спектакль маглі назіраць 338 гледачоў (менавіта столькі месцаў у партэры). А зараз  прытрымліваюцца мер бяспекі. Незвычайная рассадка  з дыстанцыяй  2 месцы. На паказе  не больш за 100 чалавек. 

Сезон нанова  традыцыйна з легендарнай "Паўлінкай"


Але, як заўсёды, ніякай дыстанцыі паміж тандэмам акцёр - глядач. Атмасферу парушаць не плануюць у лепшых традыцыях. Спецыяльных рэпетыцый перад вяртаннем не было. 

За два месяцы - лепшыя спектаклі анлайн і некалькі праектаў


Трупа не страчвала кантакт з гледачамі. Нават у пераходах метро абяцалі: "Тудэма-сюдэма… і мы вернемся". 

Пакуль дзверы тэатра ў прамым сэнсе былі зачыненыя, змянілі лакацыю: пайшлі іграць анлайн. Напрыклад, лепшыя спектаклі ўпершыню паказалі ў добрай якасці на YouTube-платформе. Паралельна  на камеру  чыталі Зарэцкага, Караткевіча і братоў Грым.

Афіша Купалаўскага распісана на кожны дзень


Віртуальны тэатр дзейнічае і сёння. Для анлайн-прагляду даступныя 12 спектакляў, але ўжо ў платным рэжыме. А сустрэчы афлайн - без адмен і пераносаў. Афіша распісана на кожны дзень гэтага тыдня. Так, заўтра Купалаўскі запрашае на прыезд "Рэвізора", а ў сераду сыграюць "Шляхціца Завальню". Да 3-га ліпеня тэатр адновіць славуты спектакль "Не мой" паводле Алеся Адамовіча.