У Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Горкага працягваюцца ўрачыстасці ў гонар актрысы Вольгі Клебановіч

25 марта 2015

Дата яе юбілею ў лютым, але вось ужо месяц як у Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Горкага працягваюцца ўрачыстасці ў гонар актрысы Вольгі Клебановіч. У тэатральным фае народнай артыстцы Беларусі прысвяцілі выставу, а на сцэне ў яе сапраўдны бенефіс.

Расказвае Наталля Бардзілоўская. Падарунак да ўласнага юбілею Вольга Клебановіч зрабіла сабе сама. Прыме Рускага тэатра было дадзена выключнае права па жаданні абраць і п’есу, і рэжысёра. Праз драматургію Самерсэта Маэма і пастаноўку Мадэста Абрамава актрыса расказала пра… каханне.

Танга ўтраіх, ці Гісторыя двайнога адзюльтэру. Паводле Маэма, два мужчыны кахаюць адну жанчыну. А яна (гераіня Клебановіч) пакідае мужа і пяцігадовае дзіця дзеля бурнага рамана. Праз трыццаць гадоў вяртаецца, каб убачыць бумеранг.

Сыграць псіхалагічнага Маэма – яе даўняя мара. Калісьці пад Клебановіч ставілі брытанскую класіку "Тэатр", але пастаноўка сарвалася. Мінулі дзесяцігоддзі, каб назапашаны жыццёвы і жаночы вопыт нарэшце выліўся на сцэну ў любімым творы. Камедыя "Кола кахання" – п’еса складаная і рэдка ставіцца на сусветных падмостках.

Зорны акцёрскі склад. А палюбоўнік Х’ю сапраўды яе любімы… артыст. Аляксандр Ткачонак амаль сорак гадоў на сцэне ў пары з Клебановіч. Ігралі і брата з сястрой, і мужа з жонкай. Персанажы закаханых па-за законам прымералі ўпершыню.

Дзве дзеі менш чым пару гадзін. Стылізаваны пад арыстакратычны англійскі салон XIX стагоддзя інтэр’ер: статычны і без тэхнічных трукаў. Аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў Ларыса Рулева толькі адзінай гераіні – Клебановіч - дазволіла за спектакль тройчы памяняць убор. Рэжысёр Мадэст Абрамаў па-за штатам Рускага тэатра, але з Клебановіч працуе ахвотна і ставіць усе яе юбілейныя спектаклі. "Дзядзькаў сон" і "Ад’ютанша яго вялікасці" – пастаноўкі, якія ў рэпертуары тут затрымліваюцца на дзесяцігоддзі.