У Мядзельскім раёне стартаваў Міжнародны фестываль класічнай музыкі "У Шэметаве ў Шастаковічаў"

3 августа 2018

У Мядзельскім раёне (у пасёлку Нарач) паўгадзіны таму стартаваў 3-і Міжнародны фестываль класічнай музыкі "У Шэметаве ў Шастаковічаў".

Некалькі гадоў таму адкрыліся дакументы, якія пацвярджаюць беларускае паходжанне па бацькоўскай лініі сусветна вядомага кампазітара - музычнага генія 20 стагоддзя Дзмітрыя Шастаковіча. Яго прадзед Пётр Міхайлавіч Шастаковіч нарадзіўся ў пачатку 19 стагоддзя ў беларускім мястэчку Шэметава. Усяго ў праграме свята 4 канцэрты. Адкрыццё праходзіць у нарачанскім касцёле Святога апостала Андрэя. Музыка Шастаковіча і Вівальдзі гучыць у выкананні беларускіх музыкантаў, выпускнікоў Акадэміі музыкі. Спецыяльна для гэтага канцэрта з Францыі прыехалі скрыпачка Шарлот Жуяр і габаіст Жэром Гішар.

Астатнія канцэрты фестывалю Дзмітрыя Шастаковіча пройдуць заўтра ў санаторыі "Спадарожнік", 7 жніўня ў лагеры "Зубраня", а завершыцца музычны форум у дзень смерці Дзмітрыя Шастаковіча 9 жніўня ў мястэчку Шэметава ў касцёле Божай Маці нястомнай дапамогі.