У Мядзельскім раёне адкрылі аўтарскую галерэю Васіля Шаранговіча

12 октября 2018

Цэлая эпоха Нарачанскага краю - на палотнах. У Мядзельскай акварэлі, ваенных гравюрах, ілюстрацыях да паэм беларускіх класікаў. Непараўнальны почырк Васіля Шаранговіча сёння ведаюць і ў Еўропе. Мастак са статусам "народны" - адзіны ў Мінскай вобласці. І да яго юбілею на малой радзіме адкрылі аўтарскую галерэю майстра. Рэпартаж Юліі Токар.

Такія краявіды насамрэч немагчыма было не пакінуць у памяці назаўсёды. Па загадзе пэндзля Васіля Шаранговіча на палотнах узнікалі світанні і захады сонца над Мястрай у студзеньскія вечары. Але складана ўявиць, што маленькі школьнік Васіль свае першыя замалёўкі старанна расфарбоўваў дзікімі ягадкамі…

Напярэдадні юбілею ў гонар Васіля Шаранговіча - народнага мастака Беларусі - на яго малой радзіме адкрылася аўтарская галерэя. Экспазіцыя каларытных твораў ледзь змясціла 130 палотнаў. Сярод іх і дыпломная, якая сваёй экспрэсіяй і колерамі перадае юнацкі нястомны запал…

Пасля жывапісу ён аддасць перавагу графіцы. І створыць серыі ілюстрацый паводле твораў Коласа і Купалы…

Асобнае месца займае вось гэты куточак. У гледача ёсць магчымасць нібы зазірнуць у майстэрню аўтара. Тут і фарбы, і алоўкі, і пэндзлі. Здаецца, Васіль Пятровіч вось-вось ізноў возьмецца за працу

Ваенныя гравюры, мядзельскія акварэлі, дзіцячыя ілюстрацыі з тонкім гумарам паводле казак Талстога - адкрываць майстра з новага боку і ракурсу можна бясконца. Праз сузіранне.