У Музеі Вялікай Айчыннай адкрылася выстава "Сляды вайны"

23 мая 2016

У Музеі Вялікай Айчыннай адкрылася выстава "Сляды вайны", большую частку экспанатаў якой перадаў ваенны калекцыянер. Тут можна ўбачыць тэхніку і амуніцыю, што прайшлі дарогамі вайны, асабістыя рэчы і дакументы савецкіх салдат і байцоў Вермахта. Гісторыю саракавых праз сапраўдны прадметны рад убачыла Наталля Бардзілоўская.

ІЖ-350 сабраны ў 1946 годзе, адразу пасля вайны, а выглядае так, што хоць зараз залівай бензін і ў дарогу! Калекцыянер Аляксей Цікуноў дэманструе якасць - больш чым 70 гадоў прайшло, а ўдасканалены савецкі матацыкл ездзіць. І так кожны з экспанатаў мотатэхнікі: на выставе з дзясятак узораў. Па кожным чытаецца мадэрнізацыя нашай арміі, якая не адставала на фоне падрыхтаваных войскаў Вермахта. І да кожнай машыны тут манекен у поўнай амуніцыі. Гісторыя вайны з 1941-га па 1945-ы ў прадметах адзення, зброі, спецтэхнікі.

Усе прадметы - арыгіналы. За кожным свая гісторыя тых, саракавых, і ў кожнага свой шлях у калекцыю Цікунова. Захапленню ваеннага пагранічніка, палкоўніка ў адстаўцы, 20 гадоў. Рарытэты збіраў ледзь не па ўсім зямным шары: ад беларускіх вёсак да міжнародных аўкцыёнаў. Рэстаўраваў характэрнымі для тых часоў фарбамі і дэталямі. Доўгі і дарагі працэс, але сваім захапленнем Цікуноў аднаўляе страчаныя факты гісторыі і ўключае іх у патрыятычнае выхаванне.

Тэматыку мілітары на выставе ўраўнаважваюць экспанаты, якія нагадваюць аб мірным жыцці. Лісты, фота, талісманы і сувеніры - збор з розных экспазіцый музея вайны. Прадметы з яго калекцыі складаюць 90 працэнтаў выставы.

Унікальны экспанат для выставы перадала Святлана - дачка заслужанага настаўніка БССР мастака Сяргея Каткова. Трафейны гадзіннік з зязюляй - гэты падарунак маленькай дачцэ франтавік Каткоў правёз праз усю вайну, але не змог уручыць асабіста. На дзве гадзіны быў прыпынак цягніка ў Мінску, але сям'я знаходзілася ў эвакуацыі на Урале. Сяргей Пятровіч не ўбачыў дачку, але на добрую памяць пакінуў ёй кранальны прэзент.

Сірэна пачатку вайны, радыёперадатчыкі для сувязістаў - 90 працэнтаў калекцыі ад Аляксея Цікунова. Дарэчы, Музею гісторыі Вялікай Айчыннай Аляксей Цікуноў перадаў толькі частку свайго збору. Большасць прадметаў, у тым ліку ад руска-японскай вайны, у яго ўласнай экспазіцыі, у адным з класаў Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча, дзе педагог-калекцыянер выкладае хлопцам прадмет "белмілітарыя".