У музеі сучаснага мастацтва пройдзе сустрэча з Сяргеем Балянком

9 июня 2015

Ён працаваў над афармленнем кніг Айзека Азімава, Рэя Брэдберы і Роберта Шэклі. Сёння ў музеі сучаснага мастацтва пройдзе сустрэча з адным з найбуйнейшых мастакоў-ілюстратараў Беларусі. Таксама тут можна будзе пазнаёміцца і з графічнымі афортамі Сяргея Балянка. Работы майстра ўбачыла і наш карэспандэнт Аліса Міхайлава.

Мастак, тварэнні якога можна сустрэць амаль у кожнай хатняй бібліятэцы. Афарміцель зборніка фантастыкі "Прадаецца планета", кніг Жуля Верна і Курта Вонегута. Адзін з найбуйнейшых ілюстратараў ХХ стагоддзя - Сяргей Балянок. Лепшыя мастацкія музеі многіх краін свету з гонарам выстаўляюць яго творы, а прыватныя калекцыянеры з Еўропы збіраюць цэлыя серыі графічных работ майстра, якія ставяць у адзін шэраг з шэдэўрамі Пікасо, Матыса і Шагала.

Выстава "Усё як заўсёды" экспануе афорты за апошнія 10 гадоў, жывапісныя палотны, графічныя лісты. Геаграфія персанальных праектаў Сяргея Балянка вельмі шырокая - ад блізкага замежжа да Кітая.

"Вішнёвы сад", "Пралятаючы над гняздом зязюлі": некаторыя работы на выставе - гатовыя ілюстрацыі для вядомых твораў. Цікавая ўжо і сама тэхніка стварэння афорта: малюнак пераносіцца на цынкавую пласціну з дапамогай спецыяльных інструментаў, і гэта дазваляе зрабіць да 50 якасных адбіткаў карцін, але паводле сусветных стандартаў, прынята рабіць не больш за дзесяць. Мастак-ілюстратар з саракагадовым вопытам радуе гледача таксама і жывапіснымі палотнамі, гледзячы на якія ўзнікае адчуванне, што іх маляваў абсалютна іншы чалавек. Яны адрозніваюцца ідэяй і цёплымі адценнямі ад меланхалічных графічных лістоў, такіх як "Самотны аднарог" або "Блюз жалезнага даху".

Разглядаць работы мастака заўсёды цікава, да іх хочацца вяртацца. Іх нельга аднесці да абстракцыі, сюррэалізму або тым больш рэалізму, бо ў работах арганічна прысутнічаюць рысы ўсіх названых стыляў. Фантазію аўтара абмяжоўвае толькі фармат старонкі, а чорна-белая журботнасць становіцца каляровым палатном у вачах уважлівага гледача.