У музеі-майстэрні Азгура прайшоў музычна-мастацкі перформанс

3 февраля 2016

Творчы марафон, дзе не баяцца сыграць не ў той танальнасці ці выйсці за межы выяўленчых канонаў. У музеі-майстэрні Азгура прайшоў музычна-мастацкі перформанс. Аўтэнтычныя матывы натхнялі слухачоў на стварэнне асабістых эскізаў да гэтых мелодый. Музычнае афармленне творчага марафону склалася з імправізаваных гукаў нацыянальных інструментаў розных народаў. Ад традыцыйных усходніх ударных да тыбецкіх чаш. Разам музыканты і мастакі размалявалі метры белага рушніка. Аляксандра Драгун далучылася да творчай імправізацыі.

Сярод манументальных скульптур і бронзавых бюстаў у майстэрні, дзе больш за 7 дзесяцігоддзяў таму пачаў ствараць Заір Азгур, сабраліся аматары і прафесіяналы на музычна-мастацкі перформанс, каб намаляваць эскізы да імправізаваных мелодый.

Творчы натхняльнік эксперыментальнай імпрэзы - беларуская мастачка Анастасія Балыш. Чалавек шматгранны - у асабістым партфоліа як стварэнне ілюстрацый да дзіцячых казак народаў свету, так і роспіс іканастаса царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Мядзельскім раёне. Аматарскія творчыя эскізы ацэньвае асаблівым чынам.

Асабісты мастацкі штрых дазвалялі пакінуць кожнаму, хто натхніўся аўтэнтычнымі мелодыямі. Бо гэта імправізацыя не аднаго чалавека – агульная. На рушніку белага аркуша па чарзе гледачы ўвасабляюць свае мастацкія задумы.

Музычнае афармленне творчага марафону склалася з імправізаваных гукаў нацыянальных інструментаў розных народаў. Ад традыцыйных усходніх ударных інструментаў - дарбукі - да тыбецкіх чаш пазнаць у музычным шматгалоссі можна незвычайныя індыйскія і індзейскія гукі.

Творчы перформанс праходзіць у цемры. Падсвятляецца толькі шкляны мальберт. Аматары, якія падыходзяць да палатна, малююць за ім. Таму гледачы не бачаць рукі мастака – выява, быццам, сама з'яўляецца на аркушы.

Тое, што саткалі разам музыканты і мастакі, упрыгожыць скульптурную залу ў майстэрні, каб калі наступным разам збяруцца на вечар імправізаванай творчасці, натхняцца і развіваць выяўленчыя здольнасці новых гледачоў.