У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава пра дзейнасць спецгруп НКУС

20 декабря 2017

Да юбілею ведамства ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай адкрылася выстава пра дзейнасць спецгруп НКУС падчас вайны. Падрабязней - Алена Борматава.

Чэкісцкія фарміраванні на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай - даволі закрытая і малавядомая тэма. Між тым менавіта групы і атрады спецыяльнага прызначэння, створаныя па лініі дзяржбяспекі, развівалі партызанскі рух. А першыя партызанскія атрады, якія фарміраваліся з супрацоўнікаў НКУС-НКДБ, уступілі ў бой усяго праз некалькі тыдняў пасля пачатку вайны. На тэрыторыі Беларусі за ўвесь перыяд вайны дзейнічала сто шэсцьдзясят адна аператыўная група. Яны стварылі каля двухсот дыверсійна-разведвальных груповак. Аднак лічба не канчатковая. І паводле некаторых звестак, іх колькасць была ў некалькі разоў большая. Называюць нават паўтысячы.

На выставачных плошчах толькі адзін перыяд дзейнасці спецслужбаў - Вялікая Айчынная вайна. Акцэнт зроблены на асабістыя рэчы, зброю і дакументы разведчыкаў і падпольшчыкаў. Тут выстаўлены прадметы, якія раней захоўваліся ў фондах. Усе ваенныя рарытэты, якія паказаны на выставе, немагчыма ўбачыць у пастаяннай экспазіцыі музея.

Унікальны, адзіны ў свеце штамп для медаля «Два гады ў тыле ворага» - работа збройніка спецатрада «Баявы» Сямёнава. З яго дапамогай у 44-м рабілі памятныя ўзнагароды для байцоў. Доўгі час лічылі, што самі медалі не захаваліся.

Галіна Скарынка, намеснік галоўнага захавальніка фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: "Музей быў з 44-га года, і гэта наш плюс, таму што чатыры такія медалі - гэта знак, гэта не медаль, але мы іх завем медалямі - былі перададзеныя як раз ветэранамі атрада "Баявы" ў музей, у тым ліку адзін з медалёў гэтага зброевага майстра. Мы захоўваем іх, 4 адзінкі захоўваецца ў нас у фондах музея".

Самаробная халодная зброя - найчасцей справа рук партызанскіх збройнікаў. Яе аздаблялі ваеннымі прадметамі - гільзамі, жалезнымі зоркамі. Нажы і корцікі вельмі часта выкарыстоўвалі ў якасці падарунка. Корцік, які належыў рэзідэнту і разведчыцы спецгрупы НКДБ СССР «Артур» і брыгады Дзядзькі Колі Галіне Фінскай.

Валерый Надтачаеў, вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: "Група Фінскай суправаджала Карла Круга - нямецкага афіцэра, вельмі дасведчанага чалавека, якога яны прывялі на базу брыгады Дзядзькі Колі. Ён валодаў важнымі сакрэтамі. Ён паведаміў інфармацыю пра наступ, які рыхтаваўся на Курскай дузе, паведаміў пра новыя танкі "Тыгр".

Разведчыкі і сувязныя ў гады вайны, як правіла, працавалі адразу з некалькімі партызанскімі атрадамі і злучэннямі. Бралі ўдзел у распрацоўцы дыверсійных атак. Звычайна ўсе буйныя і гучныя аперацыі праходзілі з удзелам супрацоўнікаў НКУС і чэкісцкіх фарміраванняў. Так, пасля ліквідацыі Кубэ сярод узнагароджаных былі Марыя Восіпава, якая працавала з галоўным разведвальным упраўленнем, разведчыца Надзея Траян і спецгрупа "Артур".