У Маскве і Санкт-Пецярбургу ў гэтыя дні праходзіць 15-ты міжнародны конкурс імя Чайкоўскага

1 июля 2015

Ён збірае лепшых музыкантаў свету і дае дарогу маладым у вялікае класічнае мастацтва. У Маскве і Санкт-Пецярбургу ў гэтыя дні праходзіць 15-ты міжнародны конкурс імя Чайкоўскага. Форум збірае музыкантаў ва ўзросце ад 19 да 32 гадоў. А вось зусім юных выканаўцаў, якім няма яшчэ і 17-ці, але якія любяць і іграюць музыку Чайкоўскага, чакае Новасібірск! Сярод удзельнікаў маючага адбыцца юнацкага конкурсу будзе нямала беларусаў. З адборачнага тура ў Мінску - Наталля Бардзілоўская.

Конкурс імя Чайкоўскага для самых юных - адно з найбуйнейшых прафесійных спаборніцтваў, якое вось ужо дзявяты раз збярэ юных піяністаў, віяланчэлістаў і скрыпачоў з усяго свету. У адрозненне ад "дарослага" конкурсу Чайкоўскага, які нязменна праводзіцца ў Маскве, юнацкі, год ад году пераязджае з горада ў горад, з краіны ў краіну. У яго геаграфіі - Расія, Японія, Швейцарыя, Кітай. Сёлета цэнтрам акадэмічных спаборніцтваў стане сталіца Сібіры, а за ёй, не выключана, што і Мінск!

Дзявяты міжнародны юнацкі конкурс імя Чайкоўскага збярэ ў Новасібірск прадстаўніцтва з 20-ці краін свету. Адна з самых шырокіх дэлегацый - беларуская. Так, членамі журы фартэпіяннага і конкурсу віяланчэлістаў стануць нашы знакамітыя музыканты. І сярод канкурсантаў - дзясятка навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага каледжа музыкі пры кансерваторыі.

І галоўнае - акадэмічны аркестр Беларусі нумар адзін - сімфанічны - пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава запрошаны для гала-канцэрта конкурсу і будзе суправаджаць фінальны канцэрт пераможцаў.

Мінск стаў адным з пяці гарадоў, у якім беларускіх удзельнікаў адбіралі асабіста. У асноўным, сістэма адбору на гэты конкурс завочная, па відэазапісах і толькі Масква, Сеул, Парыж, Ерэван і беларуская сталіца арганізатарамі былі адзначаныя па-асобаму.

Пераможцы юнацкага конкурсу аўтаматычна атрымліваюць пропуск на ўдзел у вядомым маскоўскім спаборніцтве імя Чайкоўскага. Перавага ж першага над другім - у насычанасці музыкай вялікага класіка. Калі на "дарослым" конкурсе ўжо другі год, як Чайкоўскі гучыць толькі ў першым туры, на юнацкім - ва ўсіх трох турах творы Пятра Ільіча - абавязковыя.