У Маладзёжным тэатры кіпяць італьянскія страсці

29 октября 2015

Напярэдадні прайшла прэм'ера спектакля "Плаціць не будзем". Гэтая пастаноўка стала рэжысёрскім дэбютам для артыста трупы. За зменай роляў назірала Вольга Мядзведзь.

Яны пачалі іграць яшчэ да пачатку спектакля. Балетная трупа тэатра хавалася сярод гледачоў, а потым у пластычным эцюдзе паказала замалёўкі да пастаноўкі. Танцавальны перформанс у Каміннай зале тэатра адбыўся ўпершыню. Перад асноўнай дзеяй эксперымент з сакавітымі яблыкамі прыцягнуў позіркі ўсіх наведвальнікаў "маладзёжкі".

Спектакль паставілі за паўтара месяца. У гэты час да выпуску рыхтавалася яшчэ адна прэм'ера пад назвай “Аркестр", таму бутафоры і мастакі па касцюмах былі нарасхват, і акцёры доўгі час рэпеціравалі без рэквізіту. Паказаць каларытны італьянскі тэмперамент беларускім акцёрам было няцяжка. Іван Шчатко, якога паміж сабой называюць майстрам пераўвасаблення, у спектаклі выконвае адразу чатыры ролі.

У аснове спектакля п'еса Дарыа Фо, якая ўпершыню з'явілася на тэатральнай сцэне ў 70-х. Паводле сюжэта, дзве сям'і, якія жывуць у небагатым ускрайкавым раёне, падчас эканамічнага крызісу заблытваюцца ва ўласнай хлусні, праз якую яны павінны прайсці і разабрацца самастойна. У спектаклі прысутнічаюць элементы дэль артэ – віду італьянскага народнага тэатра, які існуе на імправізацыі. Такім чынам, у некаторыя моманты паказу рэжысёр пакідае прастору для творчасці акцёраў.

«Плаціць не будзем» - гэта ўжо трэцяя за сезон прэм'ера Маладзёжнага тэатра. Яшчэ некалькі навінак запланавана на навагоднія імпрэзы. Афішу папоўняць спектаклі для маленькага гледача. Адным з іх будзе казка «Марозка».