У Маладзечне сёння - другі дзень Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі

11 июня 2016

Сёлета праграма прысвечана 75-годдзю народнага артыста Беларусі і СССР Уладзіміра Мулявіна. Паэтычная гасцёўня, выставы, творчыя пленэры, канцэрты акадэмічнай музыкі. Гэта толькі невялікая частка праграмы трохдзённага свята. У цэнтры каларытнага фестывалю - конкурс маладых эстрадных выканаўцаў. Пра музычныя адкрыцці і новыя імёны - Аляксандра Драгун.

Для Аляксандра Саванца Дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў - альма-матар, малая радзіма – пасёлак Юбілейны, а самая шчаслівая сцэна ў творчасці – маладзечанскі амфітэатр. За бліскучае выступленне і бездакорныя вакальныя здольнасці музыкант стаў пераможцам Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні «Маладзечна 2016».

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі - зорны час для маладых выканаўцаў. Штогод мастацкі форум адкрывае новыя імёны, дае пуцёўку на вялікую сцэну музыкантам-пачаткоўцам.

Шаснаццаты год Маладзечна гасцінна сустракае музыкантаў на сваіх сцэнах. Традыцыйна святочная атмасфера пануе ў горадзе на працягу трох дзён. Ад дзіцячай школы мастацтваў да абласнога краязнаўчага музея свая насычаная праграма, бадай, у кожным кутку горада.

Асалоду ад беларускай музыкі сёння атрымалі жыхары пасёлка Чысць. З сольным канцэртам у Доме культуры выступіў Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

У фестываля ёсць свой юбілейны каляндар, звязаны з творчасцю нашых кампазітараў, паэтаў і музыкантаў. Сёлета праграму прысвяцілі 75-годдзю народнага артыста Беларусі і СССР Уладзіміра Мулявіна. Гала-канцэрт пад адкрытым небам стаў заключным акордам вялікага свята нацыянальнай песні і паэзіі, каб у наступным годзе вярнуцца ў Маладзечна зноў.