У Магілёве ў самым разгары маладзёжны тэатральны форум Март-кантакт

25 марта 2013
І няхай за акном прырода зусім не вясновая, у Магілёве затое вясна тэатральная. Восьмы раз горад прымае Март-кантакт. На гэты раз свае пастаноўкі прапанавалі калектывы Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Арменіі, Літвы, Латвіі і Малдовы. Гэтаму міжнароднаму тэатральнаму форуму вырашылі надаць шэкспіраўскае гучанне. Чарговы раз глядач пераканаўся: прачытанне класіка можа быць абсалютна розным.
Але ад гэтага не менш цікавым. Прынамсі, гасцям з Піцера зала апладзіравала стоячы.
Усяго ж за сем дзён глядач убачыць 14 пастановак. Гэта і пластыка, і вулічныя перфомансы. Упершыню ўдзельнікамі фестывалю стануць адразу тры лялечныя тэатры. Апошнім часам пастаноўкі для дарослых, дзе ролі іграюць лялькі, вельмі папулярныя. Напрыклад, Магілёўскі абласны на суд журы і гледача вынесе шэкспіраўскага Гамлета.
Сёлета журы вызначыць пераможцаў у пяці намінацыях. Традыцыйныя Гран-пры, лепшы малады акцёр і актрыса. І дзве дадатковыя. Іх вызначаць члены экспертнага савета пасля прагляду ўсіх спектакляў. Але галоўным пераможцам, як заўсёды, стаў глядач. Март-кантакт толькі перайшоў экватар. Так што ў магіляўчан і гасцей горада яшчэ ёсць магчымасць дакрануцца да выдатнага. Прычым, не толькі ў якасці гледача, але і як удзельнікі круглых сталоў і майстар-класаў.