У Магілёве стартаваў першы тур кастынгу народнага шоу Я магу!

23 сентября 2014

Дакрануцца да свету неабмежаваных магчымасцяў і таленавітых асоб змагла сёння і творчая група Белтэлерадыёкампаніі. Сёння ў Магілёве стартаваў першы тур кастынгу народнага шоу Я магу!. Адбор самых яркіх удзельнікаў будзе праходзіць на працягу трох месяцаў ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах краіны.


Хто сёння здзівіў незвычайнымі нумарамі - убачыў Уладзімір Сёмкін.


Першага ўдзельніка шоу доўга чакаць не прыйшлося. Галіна вырашыла здзівіць журы прыпеўкамі ўласнага стварэння. Хоць і прызналася, што прыйшла, хутчэй, на разведку.


У тым, што багатая зямля магілёўская на таленты, журы ўпэўнілася ўжо ў першыя гадзіны кастынгу. Прыйшлі людзі розных узростаў і прафесій. Да прыкладу, выкладчык гісторыі пакарыў усіх сваім вакалам.


Менавіта з гэтай сцэны магіляўчане даказваюць журы, што яны могуць быць цікавымі, могуць быць арыгінальнымі. І хто ведае, можа менавіта гэтая пляцоўка стане для кагосьці стартавай у новым жыцці альбо прафесійнай кар'еры.


Паводле слоў арганізатараў, галоўная мэта праекта - дапамагчы таленавітым людзям раскрыць сябе. Чым больш арыгінальны жанр, тым большы шанец запомніцца гледачу. Безумоўна, гэта шанец стаць знакамітым не толькі сярод родных і сяброў, але і прагрымець на ўсю краіну.


Магілёў стаў першым горадам Беларусі, дзе творчая каманда медыяхолдынга занялася пошукам самых адораных і яркіх. У гэтым месяцы кастынгі пройдуць таксама ў Бабруйску і Гродне. На чарзе іншыя абласныя цэнтры і буйныя гарады краіны.


Усе анонсы кастынгаў і падрабязныя справаздачы ў навінах і на сайце Белтэлерадыёкампаніі. Адбор працягнецца да лістапада, пасля чаго журы вызначыць 120 лепшых удзельнікаў, якія і прадэманструюць свае таленты ў тэлевізійным эфіры. Імя пераможцы стане вядомае пасля галасавання гледачоў і вердыкту журы. Узнагарода трыумфатару - грашовы прыз ад Белтэлерадыёкампаніі, 100 мільёнаў рублёў і слава на ўсю краіну.