У Мір, вярнуўся старажытны крыж

10 октября 2013

На радзіму, у Мір, вярнуўся старажытны крыж. Той самы, які вянчаў царскія дзверы капліцы-пахавальні апошніх уладальнікаў замка - Святаполк-Мірскіх. Вярнуў яго вядомы беларускі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, дарэчы, не без дапамогі нашых карэспандэнтаў. Алена Борматава стала сведкай перадачы каштоўнасці.



37 гадоў старажытны крыж правісеў у майстэрні Уладзміра Слабодчыкава. У 75-ым ён, малады настаўнік школы мастацтваў імя Ахрэмчыка, павёз вучняў на экскурсію ў Мір. І там у паўразваленай царкве-пахавальні знайшоў гэты драўляны рарытэт.


Папярэдне сам мастак аднёс крыж да перыяду пачатку ХХ стагоддзя і вызначыў метад разьбы - хутчэй за ўсё механічны - не бачна разца. Спецыяліст гэта вызначае простым вокам. Магчыма, расійскімі майстрамі на прафесійным абсталяванні таго часу.


Зараз атрыбуцыяй крыжа зоймуцца прафесіяналы. Уладзімір Слабодчыкаў трымае сабе ж дадзенае слова - вярнуць святыню туды, адкуль ратаваў у 70-ых. Разам з рарытэтам мы накіроўваемся ў Мір.


У Міры скульптар быў яшчэ да рэстаўрацыі. Адноўленага замка і царквы-пахавальні не бачыў. Сёння там - рэканструкцыя царскіх дзвярэй, якія ўстанаўлівалі пры апошніх ўладальніках замка Святаполк-Мірскіх і дакладная копія абразоў. Дзе арыгіналы - і сёння не вядома.


З моманту аднаўлення царквы-пахавальні Святаполк-Мірскіх, драўляны крыж - гэта першая аўнтэнтычная рэч, якая вярнулася ў родныя сцены. З арыгінальных гістарычных прадметаў тут былі хіба толькі падлога ды самі сцены.


Крыж у вельмі добрым стане. Яму не патрэбна рэстаўрацыя. Дарэчы розныя перапляценні на старажытным сакральным прадмеце пераклікаюцца з агульнай стылістыкай царквы. У музейшчыкаў няма аніякага сумнення, што гэта той самы крыж, які вянчаў арыгінальныя царскія дзверы.


Вольга Папко, дырэктар музея Замкавы комплекс Мір, кандыдат гістарычных навук: Мы вельмі ўдзячныя чалавеку, які 37 гадоў назад падумаў аб тым, што ў будынку, які разбураецца, трэба забраць экспанат і захаваць для будучых пакаленняў. Сёння надышоў дзень, калі крыж вярнуўся ў Мірскі замак.



Крыж, які сёння знаходзіцца над іканастасам, падобны на родны. Старажытны плануецца выставіць у пастаяннай экспазіцыі музея. Тым больш, што ён усяго пяты экспанат, які калісьці знаходзіўся ў замку.