У мінскім Палацы мастацтваў - выстава Залаты фонд Беларускага саюза мастакоў

17 июля 2013

Публіцы сталі даступныя работы сапраўдных легенд беларускага жывапісу другой паловы мінулага стагоддзя. Свае запаснікі ў такім маштабе Саюз адкрывае ўпершыню.

Рэпартаж Ніны Мажэйкі.


105 твораў з надзвычай багатых фондаў Беларускага саюза мастакоў. Невыпадкова месцам для экспанавання выбраны галерэйныя залы Палаца мастацтваў. Гэта выставачная пляцоўка - адна з самых вялікіх у краіне па плошчы. У экспазіцыю ўвайшлі работы, якія выстаўляліся даволі рэдка. Ёсць і тыя, што будуць паказаны ўпершыню.


У гэта немагчыма паверыць, але многія палотны ўбачылі свет усяго другі раз у жыцці - пасля таго як былі купленыя экспертным саветам з вернісажаў. Саюз пачаў збіраць калекцыю літаральна адразу пасля заснавання.


Леанід Хобатаў, намеснік старшыні па выставачнай дзейнасці Беларускага саюза мастакоў: У нас вялізная колькасць работ. Тут цэлая філасофская кніга пра Беларусь, пра беларускае мастацтва, пра менталітэт, пра колер і форму. На ўсе пытанні жыцця тут можна знайсці адказы.


Народны мастак Беларусі Гаўрыіл Вашчанка амаль паўстагоддзя таму знаходзіўся ля вытокаў фондавага руху. Быў у сакратарыяце. Пасля столькіх гадоў яго работы зноў на топавай выставе.


Вашчанка, Бархаткоў, Шчамялёў, Кішчанка. Узровень адразу кідаецца ў вочы. І хоць лета лічыцца несезонам для наведвання экспазіцыйных залаў, такое немагчыма прапусціць. Што за эпоха без манументальных палотнаў? Цяпер такіх няма, мастакі больш прытрымліваюцца інтэр'ерных межаў, думаюць пра магчымага пакупніка. А тады яшчэ не мэтры выконвалі дзяржзаказы.


Уладзімір Тоўсцік, народны мастак Беларусі: Тэрмін сацрэалізм на Захадзе ўжо рэдка выкарыстоўваецца. Звычайна выкарыстоўваецца тэрмін савецкі імпрэсіянізм. Лічылася, што заказ - гэта халтура. Але ўсё залежала ад таго, хто гэта робіць. Мінае час і высвечвае той свет, які мастак стварыў. Калі мастак стварыў свой свет, атрымаўся свой почырк,і гэты свет існуе ўжо без яго.


Фондавыя запаснікі ў тысячы палотнаў на гэтым не вычэрпваюцца. Саюз мастакоў рыхтуе наведвальнікаў да працягу рэтраспектывы ў новым сезоне.