У Мінску завяршыўся Міжнародны кінафестываль "Лістапад"

9 ноября 2018

Некалькі гадзін таму ў Мінску прагучаў фінальны акорд Міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". У гэтым годзе кінематаграфічны форум адзначыў свой чвэрцьвекавы юбілей. 25-ы раз беларуская сталіца аб'яднала сусветнае сузор'е незалежнага і класічнага кіно, паказала лепшыя стужкі найбуйнейшых форумаў планетарнага значэння. Цяперашні фестываль у Мінску прайшоў пад дэвізам "Спазнаючы белы свет". У мінулым "Лістапада" сезона 2018 - 167 карцін з больш як паўсотні краін. Упершыню ўдзел новых краін - ПАР і Кеніі. І ўпершыню сёлета месцам для творчых сустрэч і дыскусій стала пляцоўка "Беларусьфільма". Такім чынам, вынікі падведзеныя, узнагароды знайшлі сваіх уладальнікаў. Каго паказалі буйным планам з запаветным залатым Гран-пры, распавядзе Вольга Мядзведзь.

Стоп. Знята "Лістападу". 25 кадр Мінскага міжнароднага кінафестывалю - зараз гісторыя. На плёнцы форуму да чвэрцьвекавога юбілею можна прасачыць эвалюцыю сусветнага сінема: ад пустых залаў да аншлагаў, ад класікі жанру да канцэптуальнага, незалежнага кіно "не для ўсіх", а кляновы ліст з профілем гледача - сімвал, вядомы далёка за мяжой. Ужо з доляй настальгіі госці гэтага "Лістападнага" сезона не спяшаюцца па ўзнагароды, а ловяць фінальныя моманты зносін з перспектыўнымі экраннымі ідэямі.

Мінская кінавосень - 2018 сапраўды залатая. Упершыню "Лістапад" без афіцыйных серабра і бронзы. Да юбілейнага 25 кадра дырэкцыя перагледзела і зрабіла апгрэйд прызавога фонду.

Першая ўзнагарода цырымоніі закрыцця - меркаванне Кіраўніка дзяржавы. Са 167 карцін - спецпрыз "За гуманізм і духоўнасць у кіно" адправіўся да "Сэрца свету" Наталлі Мешчанінавай (Расія).

У кінатэатры "Масква" сабраліся рэжысёры, акцёры, сцэнарысты, аператары, прадзюсары і ўсе тыя, чые імёны звычайна ў загалоўных і фінальных цітрах, каб асабіста пачуць імёны лепшых кіношнікаў па меркаванні "Лістапада". Перад галоўнай інтрыгай - некалькі дзясяткаў намінацый. Напрыклад, за рэжысуру, сцэнарый, аператарскую і акцёрскую працу і гэтак далей. Ужо другі сезон лепшы дэбют вызначае міжнароднае журы кінапрэсы ФІПРЭСІ. "Новым голасам" прызнаная "Пакаёўка" рэжысёра Лілы Авілес з Мексікі.

Пад заслону - уладальнік запаветнага золата "Лістапада". Лепшы фільм асноўнага конкурсу прафесійнае журы вызначыла з 12 прэтэндэнтаў - стужкі, створаныя за апошнія два гады на тэрыторыі постсавецкай прасторы. Гран-пры юбілейнага фестывалю - у сумеснага міжнароднага праекта з правакацыйнай назвай "Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары", які ўжо адзначаны "Хрустальным глобусам" у Карлавых Варах.

Нягледзячы на тое, што юбілейны "Лістапад" афіцыйна закрыты, кінапаказы прадоўжацца яшчэ некалькі дзён. У пастскрыптуме 25-га Мінскага міжнароднага форуму - пазаконкурснае ігравое кіно. У асноўным гэта стужкі - удзельнікі і прызёры Кан, Венецыянскага і Берлінскага фестываляў.