У Мінску завяршаецца вялікі канцэрт Віктара Смольскага - культавага гітарыста сучаснасці. Беларус Смольскі вось ужо амаль паўтара дзесяцігоддзя выступае ў складзе легендарнай Рэйдж - нямецкай рок-групы. І хоць на радзіме музыкант імкнецца бываць раз на год, апошні маштабны канцэрт гітарыст-віртуоз даваў гадоў 7 таму.
Алена Борматава ўбачыла рок-шоу.
На беларускую сцэну Віктар Смольскі выйшаў разам з маладой сталічнай камандай Attraction. Рокераў аб'яднала 13-я сімфонія класіка беларускай кампазітарскай школы Дзмітрыя Смольскага - бацькі Віктара. Калісьці гітарыст легендарнай Рэйдж не змог прыляцець у Мінск на выкананне бацькавай сімфоніі, напісанай для электрагітары. Кампазітар запрасіў маладога гітарыста. А пасля таго выканання адбылося і знаёмства, і супрацоўніцтва.
Гэта першы буйны канцэрт Смольскага на радзіме пасля амаль дзесяцігадовай паўзы. Але не першае сумеснае выступленне з маладымі рокерамі. Некалькі гадоў таму Смольскі выступаў з Attraction у рамках гітарнага фэсту. Зараз каманда падрыхтавала двухгадзінную праграму. Тут і асабістыя творы, і хіты нямецкіх металістаў Рэйдж.
Музычную кар'еру малодшы Смольскі пачаў у Мінску. Школа па класе віяланчэлі, вучылішча па класе гітары. Затым славутыя Песняры і свая хард-рок-група Інспектар, з якой і прайшлі першыя еўрапейскія гастролі. Дарэчы, яны ж выпусцілі і першы ў свеце сі-дзі беларускай каманды, і першы сі-дзі ў Беларусі.
У Рэйдж Віктар Смольскі прыходзіць ў 1999-м. Дзякуючы свайму гітарысту, нямецкія рокеры выконвалі беларускую класіку. Аўтарства Смольскага-старэйшага. Аранжыроўку да оперных і сімфанічных твораў бацькі рабіў Віктар. Мікс сімфарока выконвалі Рэйдж разам з беларускімі музыкантамі перад стотысячным стадыёнам.
У Мінску Смольскі даў яшчэ і майстар-клас для маладых беларускіх музыкантаў. Дарэчы, ён жа выкладчык і асабістай школы гітарыстаў у Германіі. Спецыяльна пад руку гітарыста вытворцы музычных інструментаў выраблялі гітары. Адна з іх сёння ў амерыканскай штаб-кватэры Хард-Рок-Кафэ.
Наступны год - юбілейны для Рэйдж. Нямецкаму гурту 30. Буйны гастрольны тур пройдзе адразу на некалькіх кантынентах. Маршрут закране і Расію, і Украіну. Завяршэнне юбілейнага тура, магчыма, адбудзецца на радзіме гітарыста каманды Віктара Смольскага - у Беларусі.














