У Мінску выступіў Робі Уільямс

16 апреля 2015

Армія музыкантаў і танцораў, гіганцкія маніторы са сцэнаграфіяй і нават селфі з мінскай публікай. Учора ўвечар у сталіцы выступіў Робі Уільямс. Гэты канцэрт беларусы ўжо сапраўды не забудуць. Брытанскі поп-спявак не проста праспяваў і станцаваў, ён правёў сапраўднае шоу ў лепшых традыцыях інтэртэймента. Рэкардсмен кнігі Гінеса па колькасці прададзеных білетаў за суткі, спявак і акцёр у сусветны тур адправіўся з цэлай камандай спецыялістаў. Пра райдар артыста складаюць легенды. Дарэчы, разам з ім у турнэ адправіўся і яго бацька Пітэр Уільямс. Усе падрабязнасці - у Ніны Мажэйкі.

Адносна малады эстрадны класік нарэшце дабраўся і да Мінска. Робі Уільямс прыляцеў спецрэйсам з Масквы, дзе выступіў з канцэртам напярэдадні. У туры спевака суправаджае яго любімы сабака Спенсер пароды бабтэйл, дарэчы, спецыяльна для гадаванца ў гатэль паклікалі цырульніка. Фота ўжо вандруюць па Інтэрнэце.

У райдары ў эксцэнтрычнага артыста - 280 рушнікоў, 6 вогнетушыцеляў, 50 кілаграмаў лёду. Дарэчы, Уільямс возіць за сабою цэлую кухню: 6 кухараў і афіцыянтаў. Уся каманда поп-спевака, пачынаючы ад целаахоўнікаў да асабістага масажыста, - 120 чалавек. Тым не менш, капрызны і патрабавальны, ён яшчэ больш падабаецца публіцы. На канцэрт поп-зоркі сабралася нібыта палова Мінска. Да месца выступлення людскія патокі ішлі аж да пачатку шоу.

Як сапраўдны англійскі джэнтльмен поп-спявак быў пунктуальны. Пасля разагравання роўна ў 21:00 Уільямс пачаў гутарку з залай. Праз маніторы. Спявак пісаў віртуальныя пасланні пад эмацыянальныя воклічы публікі.

50 тон абсталявання ледзь змясціліся ў 20 фур, якія ездзяць разам з ім па Еўропе. Сцэна з дзвюх частак: асноўная і так званы язык, каб фан-зона магла разгледзець свайго куміра ва ўсіх ракурсах. Уільямс не пакінуў без увагі ні адзін сектар, з рогамі і ў скуры ён падморгваў, ціснуў рукі прыхільнікам і нават рабіў селфі на мабільны.

Нават паталагічная боязь сцэны не перашкодзіла яму стаць сусветнай зоркай. Фан-клубы спевака раскіданыя па ўсім свеце. Дарэчы, беларускі фанацкі сектар - адзін з самых актыўных на постсавецкай прасторы. Вядома, што ў Мінску музыкант не затрымаецца, і ўжо 17 красавіка выступіць на кракаўскай сцэне.