У Мінску выстава Скарбы Украіны

19 декабря 2013
Больш за сто экспанатаў з золата, срэбра і каштоўных камянёў можна ўбачыць гэтымі днямі ў Мінску на выставе Скарбы Украіны. Нацыянальны гістарычны музей прэзентуе экспазіцыю ўкраінскіх, нямецкіх, азербайджанскіх майстроў XVI - пачатку XX стагоддзяў.

Пра гісторыю вырабу ювелірных упрыгажэнняў, посуду, паясоў і цырыманіяльных прадметаў высокапастаўленых асоб больш падрабязна наш культурны аглядальнік Ларыса Гулякевіч.

Скарбы Украіны, а гэта гістарычныя экспанаты з серабра, золата з каштоўнымі камянямі, зведаўшы доўгі шлях не столькі па кіламетрах, колькі па афармленні дакументаў, забеспячэнні спецыяльнага абсталявання для транспарціроўкі і тэмпературнага рэжыму для вырабаў з фарфору і фаянсу, упершыню прыехалі ў Беларусь.

Творы ўкраінскіх ювеліраў XVI - пачатку XX стагоддзяў выкананыя ў еўрапейскіх стылях барока, класіцызму з прыўнясеннем украінскіх нацыянальных матываў у выглядзе кветак мальвы, сланечніка, васілька. Гэты прынцып выкарыстоўвалі і беларускія ткачыхі ў слуцкіх паясах. Нацыянальным каларытам і адрозніваецца работа майстроў у сябе на радзіме.

Украіна славіцца сваімі ювелірнымі майстрамі. Напрыканцы XIX стагоддзя былі вельмі папулярныя каштоўныя вырабы фабрыкі Іосіфа Маршака. На пачатку ХХ стагоддзя вялікі Карл Фабержэ адчыняе свае магазіны ў Кіеве і Адэсе, але не вытрымлівае канкурэнцыі з Іосіфам Маршаком і яго кіеўскі магазін разараецца.

Значная калекцыя з прадметаў XVIII-XX стагоддзяў створаная ў ювелірных цэнтрах Расійскай імперыі. Сярод іх наўгародская двухбаковая панагія XVI стагоддзя з разьбой на маржовай косці.

Тут і вырабы крымска-татарскіх, армянскіх, грузінскіх майстроў. Калекцыя сакральнай іўдаікі з серабра XVIII - пачатку XX стагоддзя таксама ўяўляе вялізную гістарычную каштоўнасць.

Перамовы з Нацыянальным музеем гісторыі Украіны працягваюцца. У планах - самая багатая калекцыя ў СНД Скіфскае золата, а Беларускі нацыянальны гістарычны музей гатовы паказаць Украіне беларускія скарбы.