У Мінску, Віцебску і Гомелі праходзіць кінафестываль паўночнаеўрапейскіх краін

20 апреля 2015

Карціны знаёмяць з культурай і жыццёвымі праблемамі людзей з Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі, Даніі і Ісландыі. Кінатэатры "Мір" ва ўсіх беларускіх гарадах выбраныя не выпадкова. Чаму, раскажа Ларыса Гулякевіч.

Кінафестываль паўночнаеўрапейскіх краін праходзіць у трох "Мірах". Дакладней, у кінатэатрах пад назвай "Мір" у Мінску, Віцебску, Гомелі. Тут дэманструюцца работы кінематаграфістаў з Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Ісландыі. Такі выбар не выпадковы. Справа ў тым, што паняцце "мір" сугучна з праграмай фэсту і яго канцэпцыяй.

Кінафестываль "Паўночнае ззянне" прапануе 7 карцін з 5 краін Паўночнага савета. Тут закранаюцца розныя мірныя аспекты: ад праблем планетарнага маштабу да асабістых адносін у сям'і і грамадстве.

Вольга Чайкоўская, каардынатар фестываля "Паўночнае ззянне": "Некаторыя з гэтых фільмаў, такія як "Патрыёт", "Паўночны Парыж", "Яны збеглі", ужо паспелі атрымаць прызнанне гледачоў і міжнародных кінафестываляў. Некаторыя паказваюцца тут, у Беларусі, упершыню. Самае галоўнае, што пра кінамастацтва паўночнаеўрапейскіх краін, якія, здавалася б, блізкія нам геаграфічна, гістарычна і менталітэтам, мы ведаем зусім нямнога".

Удзельнікі і госці фестываля са Скандынавіі і краін Паўночнай Еўропы прыехалі ў Беларусь не толькі паказаць сваё кінамастацтва, але і прапанаваць дзелавое супрацоўніцтва ў кінаіндустрыі.

Ян-Эрык Хольст, кінакрытык, прадстаўнік Нарвежскага інстытута кіно: "Мне б хацелася супрацоўнічаць з беларускімі кінадзеячамі ў развіцці сумеснага прадакшна, стварыць планы на будучыню. Бо ў нас так шмат агульнага. Асабліва ў гісторыі, якая можа працягнуцца сёння. Гэта было б выдатна".

Кінатэатры "Мір" запрашаюць на фестывальныя фільмы ў Мінску да 21 красавіка, у Гомелі да 23 красавіка, а ў Віцебску з 23 па 29 красавіка. Уваход вольны.