У Мінску ўрачыста стартаваў кінафестываль "Лістапад-2019"

1 ноября 2019
У кінатэатры "Масква", дзе адбылася цырымонія адкрыцця XXVI Міжнароднага кінафоруму,  працуе наша здымачная група. На прамую сувязь са студыяй "Панарамы" выходзіць наш карэспандэнт Дар'я Тарасава.

Пункт прызначэння - кінафестываль "Лістапад". Літаральна некалькі хвілін назад, узброіўшыся анімацыйным навігатарам, удзельнікі цырымоніі прайшлі па кінематаграфічным маршруце XXVI Міжнароднага  форуму. З кінаэкранаў сышлі тыя, чые імёны мы звычайна бачым у фінальных цітрах. Конкурсны фарфор  разбіты аб штатыў. А гэта значыць, што пракатная гісторыя "Лістапада" ўжо пачалася. Да радасці кінаманаў у шорт-лісце - 154 карціны. Убачым сінема-навінкі, над якімі варта   задумацца, і стужкі з пазнакай "без 5-ці хвілін Оскар". Якой была цырымонія,  і чаму замест чырвонай дывановай у "Маскве" пабудавалі сапраўдны здымачны павільён,  распавядзе Лідзія Заблоцкая.

На кінафоруме больш як 130 рэжысёраў, акцёраў і кінакрытыкаў


26-ты кадр не стаў пафасным і паўторным. "Лістапад" рэфарматуецца. У афішы не ўбачыце тых, хто ў кожнага на слыху. Сёння ў Мінску - больш за 130 не разрэкламаваных, але масцітых рэжысёраў і акцёраў, якія глядзяць на свет пад асаблівым вуглом. Не для масмаркета. 

79 фільмаў змогуць пазмагацца за золата фестывалю


У кінамарафоне большасць стужак - традыцыйна пазаконкурсныя. А вось 79 гісторый пазмагаюцца за "металы" - кляновы ліст з профілем гледача - у шасці намінацыях. Іх ацэняць майстры з Кубы, Канады, Польшчы, Швецыі і Германіі. Шматлікія з іх  былі знаёмыя з "Лістападным" брэндам. Пад іх пільнай увагай будзе  мастацкасць  карцін. 

Першыя фільмы паказалі ўжо сёння


Паказы пачаліся ўжо сёння. Старт сінема-марафону даў "Цэнтральны". "Да радасці" для кінагурманаў - лаўрэаты Кан, Венецыі і Карлавых Вар. А для кульмінацыі дня - перанос геалакацыі ў  "Маскву". 

Цырымонія адкрыцця фестывалю прайшла ў кінатэатры "Масква"


Тут адмовіліся ад звыклай чырвонай дарожкі і ўспышак сотняў фотакамер. На гэты раз кінатэатр - імправізаваны вытворчы цэх. Міні-зона камфорту для кінатворцаў. Нацыянальная кінастудыя размясціла тут і грымёрку з Авантур Пранціша Вырвіча, і кафэ з сіткома "Ілюзіі". Так, замежныя госці крыху  бліжэй змаглі даведацца, чым жыве беларуская кінаіндустрыя.

Цырымонія - яшчэ і нагода для важных сустрэч. Тыя, хто ўпершыню на "Лістападзе, не стамляючыся дзяліліся радасцю. 

На цырымоніі адкрыцця паказалі трэйлеры фільмаў пад жывую музыку


Сама афіцыйная цырымонія - як пралог да фільма-адкрыцця. Коратка, лаканічна і атмасферна. Знаёмства з трэйлерамі конкурсных праграм - пад аўтарскія матывы і жывы саксафон.

Імёны лаўрэатаў Спецпрэміі назавуць на закрыцці форуму


Імёны лаўрэатаў Спецпрэміі Прэзідэнта і Саюзнай дзяржавы стануць фінальнымі цітрамі. Іх назавуць на закрыцці. Традыцыю біць распісаную талерку аб штатыў  пакінулі. На шчасце.

Фільм-адкрыццё - трагікамедыя "Бацька"


Адкрываліся  балгарскай трагікамедыяй "Бацька". Яна ўжо  ўладальнік "Хрустальнага глобуса" Карлавых Вар. І зноў - у конкурсе.

У афішы - 155 фільмаў і індустрыяльная платформа


Ці ацэняць мінскія гледачы "гісторыю аб пошуку шляху да сваіх блізкіх",  даведаемся  8 лістапада. А пакуль у афішы - адкрыццё "Лістападзіка", індустрыяльная платформа для ўсіх і нон-стоп фільмаў  для роздуму. Дарэчы, па зусім бюджэтных цэнах. "Да радасці" для кожнага. Пара атрымліваць асалоду.