У Мінску стартуе XXII Міжнародны кінафестываль "Лістапад"

6 ноября 2015

У кінатэатры "Масква" гучаць першыя акорды яшчэ адной доўгачаканай падзеі - у Мінску стартуе XXII Міжнародны кінафестываль "Лістапад". З адкрыццём форуму яго ўдзельнікаў павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

З самай раніцы ў сталіцу пачалі прыбываць знакамітыя госці, для таго каб прэзентаваць свае кінастужкі беларускай публіцы. Напярэдадні кінафоруму ўжо адбыўся першы прэс-паказ фільма "Дакучлівыя рытмы" французскай актрысы і рэжысёра Фані Ардан. Дарэчы, менавіта яна стане спецыяльнай госцяй фестывалю. А ў кінатэатры "Цэнтральны" прайшла прэс-канферэнцыя з журы. Старшынёй асноўнага конкурсу ігравога кіно стане расійскі рэжысёр Вадзім Абдрашытаў. У гэтай праграме ўдзельнічаюць 12 фільмаў.

Сёлета сярод пляцовак фестывалю заяўлены пяць сталічных кінатэатраў - "Масква", "Мір", "Перамога", "Піянер" і "Цэнтральны". Таксама будзе ўручаны спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве".