У Мінску стартуе міжнародны Калядны оперны форум

12 декабря 2019
Мінск на тыдзень стане сталіцай акадэмічнага вакалу. Вечарам у Вялікім тэатры стартуе міжнародны Калядны оперны форум. Дзясяты, юбілейны, агляд талентаў пачнецца спектаклем "Князь Ігар". Дарэчы, менавіта гэтай прэм'ерай у Вялікім адкрылі 87-мы сезон. У пастаноўку ангажыравалі заслужанага артыста Расіі барытона Сяргея Мурзаева. У рэпертуарнай афішы форуму "Турандот" Пучыні, аперэта Штрауса "Лятучая мыш" і "Кармэн". З апошняй пачалася гісторыя тэатра.

Сяргей Мурзаеў, заслужаны артыст Расіі, саліст тэатра "Новая опера": "Я прыехаў упершыню і вельмі рады, што прыехаў у Мінск. Нарэшце ўбачыў гэты ўзрушаючай прыгажосці тэатр. Вельмі прыемна выходзіць на сцэну, ды яшчэ на такую вялікую, як у мінскім Вялікім тэатры, таму што я сваё супрацоўніцтва з Вялікім тэатрам у Маскве скончыў у 2007 годзе. Пасля таго як сышоў з Вялікага тэатра, на такіх вялікіх сцэнах спяваў толькі ў Opera Bastille ў Парыжы".

Уладзімір Рылатка, першы намеснік гендырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: "Форум юбілейны, таму ён такі галасісты, вялікі, маштабны. Таму мы падтрымліваем традыцыю, што тут павінны быць нашы прэм'ерныя спектаклі. Запрасілі выдатных спевакоў, вы іх пачуеце". 

Пачуць лепшыя акадэмічныя галасы можна не толькі ў тэатры. "Беларусь 3" арганізуе тэлемарафон па слядах опернага форуму. На працягу пяці вечароў гледачы пазнаёмяцца са спектаклямі, якія гучалі ў Вялікім. 24 снежня ў 21:05 - гала-канцэрт лаўрэатаў Мінскага міжнароднага каляднага конкурсу вакалістаў.