У Мінску стартавалі Дні культуры Санкт-Пецярбурга

16 апреля 2013

Парад арт-праектаў. Музейныя экспазіцыі, акадэмічнае мастацтва, класічная музыка на народных інструментах і тэатральныя пастаноўкі. У Мінску афіцыйна стартавалі Дні культуры Санкт-Пецярбурга.


Славянскае адзінства і супольнасць культурных інтарэсаў у рэпартажы Алены Борматавай. Горад, заснаваны Пятром Першым 310 гадоў таму, прывёз у Беларусь арт-праекты, якія не так распіяраны за межамі Санкт-Пецярбурга, як скажам той жа Марыінскі тэатр, але з’яўляюцца эксклюзівам Неўскай школы. Мастацкі Пецярбург на плошчах нашага Нацмузея прадэманстраваў шкло, эмаль і кераміку. Тры вогненныя віды мастацтва, бо заўсёды керамістаў, эмальераў і шкляроў аб’ядноўваў агонь. Побач з выставачнымі плошчамі, якія часова аддалі пад работы мастакоў Санкт-Пецярбурга, у зале з Радзівілаўскімі партрэтамі прайшоў сумесны круглы стол музейшчыкаў і мастакоў дзвюх краін. Бо Радзівілы адны з першых у Еўропе мелі мануфактуру па вырабе шкла. Пецярбург сёння адраджае тэхналогіі старажытных майстроў. У Санкт-Пецярбургу - адна з самых буйных у Расіі беларускіх дыяспар. Нашы землякі маюць дачыненне да станаўлення акадэмічнага мастацтва ў горадзе на Няве. Балерыны шклоўскага тэатра заклалі аснову трупы славутай Марыінкі. Ды і жонка Пятра - Кацярына Першая - з беларускіх сялян. І толькі яна магла ўціхамірыць суровы нораў імператара. Культурнае падарожжа Пецярбурга ў Мінску працягнецца тыдзень. Афіцыйны старт Дням культуры дадзены на філарманічнай сцэне. Беларусаў чакае яшчэ гістарычная выстава фондаў мемарыяльнага музея Разначынны Пецярбург і, канешне ж, балет, толькі не класічны, а Барыса Эйфмана. Завершацца культурныя дні спектаклем адзінага ў Расіі Акадэмічнага тэатра камедыі імя Акімава. Доктара філасофіі дадуць ў нашым Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага.