У Мінску стартаваў Сусветны тыдзень італьянскай мовы

21 октября 2014

Ён адкрыўся выставай рэдкіх аўтарскіх кніг у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Экспазіцыю ўнікальных італьянскіх выданняў у Мінск прывёз дырэктар фонду Мастацтва Сартыраны Джорджыа Форні - той калекцыянер, які летась прывозіў у нашу краіну калекцыю дызайнерскіх рэчаў вядомых асоб.


Алена Борматава больш падрабязна.


Ні адзін з гэтых фаліянтаў вы не зможаце набыць ні ў адным магазіне свету. Кніга як арт-аб'ект. Выканана максімум экзэмпляраў 30. І ўсе ў прыватных калекцыях. Рэчы штучныя і вельмі каштоўныя. Там аўтарскія гравюры, літаграфіі і малюнкі ў арыгінальных тэхніках.


Джорджыа Форні, калекцыянер, дырэктар фонду Мастацтва Сартыраны: Калі я ўбачыў гэтыя творы мастацтва, якія можна параўнаць з творамі Дзюрэра, - той графікі 15 стагоддзя, якая вядома ва ўсім свеце, я вырашыў набываць і калекцыяніраваць аўтарскія кнігі.


Кнігі як мастацкія аб'екты ўпершыню выстаўляюць у Мінску. У такой колькасці твораў калекцыя ўвогуле першы раз пакінула Італію. Адзінкавыя экзэмпляры выстаўлялі ў каірскім музеі. У планах правесці экспазіцыю па краінах Цэнтральнай і Паўночнай Амерыкі.


Калекцыя аўтарскіх кніг збіралася на працягу 20 гадоў. Кожная з іх стваралася як антыпод масавым, шматтыражным выданням. Кожны асобны экзэмпляр кнігі - гэта сумесная праца мастакоў, графікаў, дызайнераў і выдаўцоў.


Месца пастаяннага захоўвання калекцыі - замак Сартырана. Джорджыа Форні - урач па спецыяльнасці - набыў паўразбураны помнік архітэктуры ў свайго пацыента, аднавіў яго і зрабіў прыватным домам-музеем з дзясяткамі калекцый.


Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: Гэта не масавыя рэчы, не тыражныя рэчы, гэта не тое, што сустрэнеш на паліцы кніжных магазінаў. Гэта твор мастацтва. Гэта спроба мастакоў праз кнігу, праз форму паказаць, як яны бачаць сённяшняе жыццё.


Кожны аўтарскі фаліянт дапоўнены мастацкімі творамі. Графіка ў кнізе і тут жа ў экспазіцыі. Дарэчы, усе работы таксама з асабістай калекцыі апантанага італьянца. Выстава рэдкіх кніжных аб'ектаў - толькі першая ў шэрагу праектаў Сусветнага тыдня італьянскай мовы.


Кульмінацыяй нашай культурнай праграмы напрыканцы 2014-га - пачатку 2015 стане выстава шэдэўраў мастацтва эпохі Адраджэння, якая прыедзе ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі з Умбрыі, горада Перуджа.


У планах культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Італіі - сумесныя праекты нашага Вялікага тэтара з вядучымі опернымі тэатрамі Апенінскага паўвострава.