У Мінску стартаваў кінафестываль "Лістапад"

4 ноября 2017

Не шумам лістоты, а апладысментамі і дэфіле па чырвонай дарожцы ў Мінску пачаўся "Лістапад". Учора ўвечар адбылося ўрачыстае адкрыццё XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю. Кінабамонд з 55 краін свету сабраўся ў сталічнай "Маскве", каб ацаніць самыя папулярныя карціны сучаснасці.

Як стартавала самая доўгачаканая падзея кінаманаў - у рэпартажы Вольгі Мядзведзь. Больш за сотню прадстаўнікоў кінасузор'я сабраліся пад знакам "Лістапада". На чырвонай дарожцы ў дэфіле перад камерамі прайшліся не толькі майстры, чые імёны ў цітрах, але і тыя, ад каго залежыць галоўная інтрыга, уласцівая фестывальнаму жыццю. Міжнародную каманду журы сёлета ўзначаліў леташні канкурсант. Рэжысёр фільма - уладальніка 23-га лістападнага золата.

Першы дзень і адразу ўзнагарода. Па традыцыі на цырымоніі адкрыцця ўручэнне спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве". Сёлета ўладальнікам статуэткі стаў ганаровы госць 24-й мінскай кінавосені, народны артыст Расіі Уладзімір Мяньшоў. Ён жа даў старт фестывальнаму тыдню, паводле кіношных канонаў, разбіў талерку аб штатыў камеры.

Першы конкурсны паказ - тытулаваная "Арытмія" Барыса Хлебнікава. Дарэчы, хіт. Большасць са ста шасцідзесяці чатырох лістападных фільмаў - эксклюзіў, у Інтэрнэце не ўбачыць. Запланавана і некалькі пазаконкурсных сусветных прэм'ер. Напрыклад, постскрыптум "Лістапада" "Забойства свяшчэннага аленя", на сусветных экранах толькі ў наступным годзе.

Для ўдзельнікаў індустрыяльнай платформы арганізаваны трэнінг па працы над сцэнарыем, у выніку якога плануецца прэзентацыя праектаў перад міжнародным журы.

У другі фестывальны дзень сваю цырымонію адкрыцця правядзе "Лістападзік". У конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі дзесяць карцін. Гэта праграма адрозніваецца інтэрактыўнасцю, гледачоў чакаюць сустрэчы з акцёрамі, рэжысёрамі з Германіі, Калумбіі, Кітая. Напрыклад, на фільм адкрыцця "Цім Талер" прыехаў галоўны герой гісторыі. Дарэчы, сёлета “Лістападзік” святкуе сёмы дзень нараджэння.