Сёння ў сталіцы стартаваў гастрафестываль у літаратурным фармаце. На працягу дзесяці дзён мінскія кафэ і рэстараны прапануюць сваім гасцям стравы паводле знакамітых літаратурных твораў Антона Чэхава, Уладзіміра Караткевіча і іншых. У гастранамічнай бібліятэцы - аўтары з розных краін. А літаратурнае меню - у Аляксандры Кавеліч.
У кулінарнай кнізе шэф-повара Аляксея Кавурава стравы з розных куткоў свету. Майстар з запалам стварае аўтарскія варыянты традыцыйных пачастункаў, а таму адразу прыняў новы прафесійны выклік - гатуе стравы не па рэцэптах, а па літаратурных творах.
Са старонак знакамітых кніг - у меню кафэ і рэстаранаў. Гастранамічны фестываль у літаратурным фармаце ладзяць у сталіцы ўпершыню.
Чым частавалі жыхароў літаратурнага свету Мікалая Гогаля, Агаты Крысці ці Якуба Коласа. У гастранамічнай бібліятэцы - пачастункі з раманаў як замежных, так і беларускіх аўтараў.
Падчас такога абеду можна адправіцца ў літаратурна-гастранамічнае падарожжа і пераўвасобіцца ў герояў любімых кніг. Напрыклад, гэтай бульбяной стравай, вядома, з беларускім каларытам частавалі персанажаў аповесці Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха".
Да кулінарнага фестывалю далучыліся 13 сталічных кафэ. Кожная каманда прадумала рэцэптуру і арыгінальную падачу 5 паэтычных ці празаічных страў. Так, у меню Уладзіслава Геваркяна - любімы арэхавы суп "Рапунцэль" з казкі братоў Грым, а таксама экзатычныя сэндвічы цёці Аўгусты з беконам і бананам са старонак твора Аскара Уайльда.
Здзейсніць кулінарную вандроўку можна будзе да 10 лютага. Фестываль стане не проста гастранамічным эксперыментам - яго прысвяцілі міжнароднаму кніжнаму кірмашу, які стартуе ў Мінску на наступным тыдні.













