У Мінску адбыўся Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў

28 января 2016

Міжнародны форум "Нябёсы" праводзіцца з ініцыятывы і блаславення Беларускай праваслаўнай царквы на базе Свята-Елісавецінскага манастыра. За 4 дні фестывалю сваё майстэрства прадэманстравалі 15 калектываў.

Усе падрабязнасці ў Наталлі Бардзілоўскай. Праваслаўе, як і наогул хрысціянства, неадназначна ставіцца да мастацтва Мельпамены з яго тэатральнай ігрой. Але найстаражытнейшая батлейка - выключэнне. У назве маленькага перасовачнага тэатра слова "Бэтлеем", што азначае "Віфліем". А ў сцэнках, якія паказваюць лялечныя скрыні, - адвечная тэма барацьбы дабра і зла.

Шмат вякоў таму, як супрацьпастаўленне свецкаму тэатру, батлейка і нарадзілася менавіта ў царкве. Лялькі замянілі так званыя містэрыі (гэта калі самі людзі разыгрывалі біблейскія сюжэты). Пра Нараджэнне Хрыстова і іншыя старонкі Евангелля з XV стагоддзя сталі распавядаць марыянеткі ў батлейках. Але з часам гэтае мастацтва пераўтваралася, хутчэй, у музейна-выставачны экспанат. Сёння ў пошуках сучасных шляхоў да сэрцаў дзятвы і для зацікаўлення юнакоў і дзяўчат царква зноў аб'ядноўваецца з батлеечным мастацтвам.

Сёння батлейкі існуюць амаль пры ўсіх праваслаўных прыходах.Але ініцыятыва правядзення батлеечнага форуму належыла Свята-Елісавецінскаму манастыру і сястрыцтву ў гонар святой прападобнай пакутніцы Елісаветы. Год таму свята ажыло дзякуючы перш-наперш сястры міласэрнасці і адначасова актрысе-лялечніцы Людміле Ждановіч. Сёння яе справу працягвае муж - вядомы ўсім беларускім дзецям Маляваныч з "Калыханкі", акцёр Аляксандр Ждановіч.

Лялечнікі з Расіі, Польшчы, Украіны і з усіх куткоў Беларусі. Разам з забавай і высокай пропаведдзю мінскі фестываль нясе навуковую мэту: пазнаёміць з традыцыямі нацыянальнай батлейкі, адрадзіць векавую школу гэтага жанру, адкрыць рэгіянальныя асаблівасці батлеечных скрыняў, лялек, сюжэтаў. Так, свецкія энтузіясты прывезлі ў сталіцу знакамітую батлейку Радзівілаў, якой больш за тры стагоддзі.

У рамках фестывальнай батлейкі праходзіць дабрачынная акцыя "Святло душы", падчас якой калектывы-ўдзельнікі выступаюць у дзіцячых цэнтрах, шпіталях, у інтэрнатах для сірот і дамах састарэлых.