У Мінску сёння ўспаміналі Якуба Коласа

13 Жніўня 2014
Яго не стала 13 жніўня 1956 года. Ён пайшоў, як гэта часта бывае, нечакана. Раніцай ён павіншаваў з днём нараджэння ўнучку, якой у гэты дзень споўнілася 5 гадоў. Затым па традыцыі працаваў. Недапісаным застаўся ліст паэта да сябра, перакладчыка Яўгена Мазалькова. Медыкі ўстанавілі, што ў Коласа разарвалася аорта. Ён памёр імгненна.

І вось ужо 58 гадоў 13 жніўня да магілы Канстанціна Міцкевіча - гэта сапраўднае імя песняра - на Ваенных могілках Мінска кладуцца вянкі і жывыя кветкі ў памяць аб народным паэце Беларусі. Ён быў не толькі паэтам, публіцыстам, пісьменнікам і перакладчыкам. Доўгі час Колас з'яўляўся віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.