У Мінску сёння ўручаць прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэміі Прэзідэнта

9 января 2018

У Беларусі стала добрай традыцыяй на калядныя святы ўзнагароджваць людзей, якія сваёй працай зрабілі краіну яшчэ багацейшай духоўна і маральна. павысілі прэстыж нацыі за мяжой, вярнулі да жыцця сотні людзей, падарылі надзею на выдатную будучыню. Урачы, педагогі, рэлігійныя дзеячы, навукоўцы адзначаны высокай прэміяй "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэміяй Прэзідэнта Беларусі. Уручэнне ўзнагарод адбудзецца сёння вечарам у Палацы Рэспублікі.

Дзясяткі экспертаў, камандзіровак, сотні гадзін інтэрв'ю з палярнымі меркаваннямі і дыскусіямі герояў. Розныя сферы - ад машынабудавання да геннай інжынерыі. Упершыню на "Беларусь 1". Маштабны праект "Справа жыцця" - у прайм-тайм мы знаёмілі з усімі намінантамі на дзяржаўную прэмію.

Яго работы ведаюць мільёны на постсавецкай прасторы, а ў твар - адзінкі. Мастак-графік Валерый Славук аформіў каля паўсотні кніг - ад сусветных бестселераў да беларускіх народных казак. Свой вопыт не адно дзесяцігоддзе перадае новаму пакаленню беларускіх графікаў - мастак выкладае ў Акадэміі мастацтваў. Але і пра ўласную творчасць не забывае. Анталогія яго работ яшчэ пахне друкарскай фарбай.

Калі прастора храма становіцца палатном для творчасці. Рэлігійныя каноны сумясціць з творчымі ідэямі і сучаснымі матэрыяламі - задача няпростая. Царква ў Вішневе стагоддзямі сустракала вернікаў белымі сценамі.

Падрыхтоўка храмавай прасторы да роспісаў - доўгі і карпатлівы працэс. Першапачаткова пазбаўляліся ад савецкага мінулага - здымалі дзясяткі пластоў алейнай фарбы. Затым сцены грунтавалі і пакрывалі вапнай - паўтаралі тэхналогію старажытных візантыйскіх майстроў. Тут няма ні грама цэменту, бо храмавыя сцены павінны дыхаць, а значыць і роспісы захаваюцца на стагоддзі.

Сюжэты роспісаў - гэта копіі фрэсак старажытных візантыйскіх храмаў. Іканастас зрабілі каменным, а замест традыцыйных абразоў - мазаікі. Таксама выкананыя па канонах. І скульптурная ікона ля ўваходу - упершыню за гісторыю вернікаў сустракаюць святыя, у гонар якіх асвячоны храм.

Ужо сёння ў Палацы Рэспублікі тым, хто духоўна і маральна робіць нашу краіну багацейшай, хто прапаведуе ідэі гуманізму і міласэрнасці, хто ратуе жыцці людзей і папулярызуе нашу спадчыну за мяжой, будуць уручаны 5 прэмій за "Духоўнае адраджэнне" і 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.