У Мінску сёння адкрываецца выстава "Срэбнае стагоддзе ювеліраў Расіі"

7 сентября 2018

Амаль 150 шэдэўраў з золата, серабра, унікальнай каляровай эмалі, алмазаў, сапфіраў і брыльянтаў. У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрываецца выстава "Срэбнае стагоддзе  ювеліраў Расіі" са збору Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы. Агульны страхавы кошт прадметаў - два з паловай мільёны еўра, а вага - больш за 80 кілаграмаў.

У экспазіцыі рускіх ювеліраў мы адшукалі беларускі след - гэтая эфектная сярэбраная пасудзіна для пуншу пазначаная накладным шыфрам "Н" і надпісам: "Дорогимь несвижцам на добрую память от их командира". Нясвіжскі полк рэальна існаваў. Заснаваны ў чэрвені 1797 года, ён уславіўся, калі ім камандаваў генерал-фельдмаршал Барклай-дэ-Толі. Ювелірная бомбачка аўтарства Ягора Самошына - падарунак вайскоўцам, пасля стаў музейным набыткам. Сёння гэта частка асобнага раздзелу выставы.

Галіна Смародзінава, старшы навуковы супрацоўнік аддзела Дзяржаўнага гістарычнага музея (Масква, Расія): "Новым для нас з'яўляецца паказ рэчаў, якія належылі арміі і флоту. Аляксандр ІІІ гаварыў, што ў Расіі няма сяброў, акрамя арміі і флоту, і армія была ў вельмі вялікай пашане, і ўсё жыццё вайскоўцаў адзначалася нейкімі сярэбранымі або залатымі падарункамі - за перамогу, за юбілей, за стральбу, за ўдалыя скачкі. На гэтай выставе мы паказваем гэтыя рэчы. Гэтыя прадметы рабілі розныя фірмы".

Статусная справа - ювелірная, чыімі заказчыкамі былі прадстаўнікі прывілеяванага класа, - у Расіі стала змяняцца пасля вайны 1812 года. Вышэйшы клас зразумеў, што ў перамозе над французамі галоўную ролю сыграў народ. Ва ўсім мастацтве, у тым ліку і ювелірным, стаў адбывацца пошук нацыянальнай ідэі, уключэнне народных вобразаў. Унікальная частка экспазіцыі - творы ў "мужыцкім", сялянскім стылі.

Дзіўна, але многія са стваральнікаў ювелірных шэдэўраў, майстроў, якія працавалі з каштоўнымі камянямі і металамі, паходзілі з простых людзей, з сялян. Да прыкладу, Павел Аўчыннікаў быў прыгонным у Валконскіх. Князь своечасова зазначыў здольнасць хлопчыка і накіраваў яго на навучанне ювелірнаму майстэрству. Ва ўзросце 21 года Аўчыннікаў узначаліў уласную фірму, якая ўславіла імя рускага ювеліра на ўвесь свет!

Расія ў казачным, былінным вобразе - гэта трэцяя частка экспазіцыі. Работы ў стылі нацыянальнай рамантыкі. Іх завуць вяршыняй мадэрну. Першапраходцы тут - Паленаў і Васняцоў, мастакі, якія раўназначна важным лічылі як будаўніцтва царквы, так і стварэнне прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У стылізаванай паўцёмнай выставачнай зале вырабы з золата, серабра, брыльянтаў і сапфіраў глядзяцца па-царску. Большасць прадстаўленых майстроў і былі афіцыйнымі пастаўшчыкамі для царскага двара. Імёны Губкіна, Хлебнікава, і самае знакамітае - Фабержэ - на выставе ён паказаны дзвюма сваімі школамі. Пецярбургскай - у гільятынцы для абразання цыгар і ў самым бясшумным у свеце партсігары чытаецца вытанчанасць заходнееўрапейскага ўплыву - і маскоўскай - гэтыя конаўкі і кубкі гавораць пра Русь кансерватыўную і павевы старога.

Ніна Калымага, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: "Тут паказаныя ўнікальныя прадметы, якіх у Беларусі няма. Але такія імёны, як Фабержэ, Губкін, Аўчыннікаў, і многія іншыя майстры ювеліры Расіі вядомыя і нам. Як і спецыялістам, так і проста аматарам мастацтва".

І ўсё ж у фондах беларускіх музеяў захоўваецца некалькі шэдэўраў рускіх ювеліраў: ёсць Губкін у Нацыянальным гістарычным. Сярод выратаваных каштоўнасцяў Брэста ёсць Фабержэ.