У Мiнску развітваліся з Сяргеем Жураўлём

17 августа 2015

Страшным ударам для Купалаўскага і стратай для ўсёй тэатральнай культуры краіны стала смерць народнага артыста Беларусі Сяргея Жураўля. Яму быў усяго 61 год. Ён памёр у сне дома. Сёння ў Мінску развітваліся з артыстам. Дзверы Купалаўскага тэатра, у якім Сяргей Журавель служыў з 2009 года, былі адчыненыя для ўсіх.

Алена Борматава  пра развітанне з артыстам. Апошні раз на сцэне. Легендарныя купалаўскія падмосткі задрапіраваныя чорным палатном. Сюды паднімаюцца сотні людзей, каб развітацца з Сяргеем Жураўлём. Зоркі тэатра, рэжысёры, проста гледачы.

Купалаўскі ў жалобе. Чорным завешаныя ўсе люстэркі тэатра. Трагічная чорная стужка з’явілася і на партрэце народнага артыста. Да Жураўля  апошні раз ідзе людскі паток, які цягнецца ад уваходу праз партэр на сцэну.

У Купалаўскі Журавель прыйшоў у 2009-м. Амаль народным. Званне атрымаў усяго праз два сезоны. А да гэтага быў Тэатр юнага гледача, Маладзёжны. Сотні роляў у тэатры і кіно. Менавіта дзякуючы кінаработам мы яшчэ не аднойчы убачым Сяргея  Жураўля на экране. На жаль, некаторыя праекты засталіся незавершанымі. Толькі-толькі Журавель пачаў здымкі ў новым фільме.

Апошняя тэатральная работа – Яцэк Сапліца ў “Пане Тадэвушы”. Так атрымалася, што гэтым спектаклем, у якім герой Жураўля памірае, акцёр і развітаўся з тэатрам. І апошні выхад на гэтую сцэну адбыўся месяц таму менавіта ў  спектаклі "Пан Тадэвуш". Акцёр пайшоў у адпачынак.

Праз тыдзень адбудзецца збор трупы Купалаўскага. Тэатр адкрывае чарговы сезон. На 28 жніўня значыцца спектакль “Вячэра з прыдуркам”, у якім Сяргей Журавель выконваў галоўную ролю. Вядома, што ў гэты дзень спектакль будзе адменены. І ўвогуле лёс пастаноўкі пакуль не вырашаны. Ёсць верагоднасць, што “Вячэра з прыдуркам” можа знікнуць з рэпертуарнай афішы Купалаўскага.

Апошнія авацыі народнаму артысту. Паводле тэатральнай традыцыі, з акцёрам развіталіся апладысментамі. Ён назаўжды пакінуў Купалаўскі. Пахавалі Сяргея Жураўля на Усходніх могілках Мінска.