У Мінску прайшла "Ноч музеяў"

19 мая 2019

Міжнародная акцыя "Ноч музеяў" прайшла ў беларускай сталіцы. Да культурнай падзеі наша краіна далучылася ўжо 14 раз. Музейныя квесты, жывыя палотны і падарожжы ў часе. Сёлета ў бяссонне акунуліся больш як два дзясяткі сталічных музеяў і арт-лакацый. Культурная ноч ахутала не толькі Мінск, але і раённыя і абласныя цэнтры.

Які маршрут уначы арганізатары падрыхтавалі для шчырых эстэтаў, ведае наш культурны аглядальнік Дар'я Тарасава. У Нацыянальным мастацкім наведвальнікі маглі не проста прагуляцца па залах музея, але і развіць сваё шостае пачуццё. Для прыхільнікаў высокага мастацтва было задзейнічана 15 тэматычных лакацый. Усім прапаноўвалі з дапамогай аўдыягіда азнаёміцца з калекцыяй рускага мастацтва і адшукаць таемныя сімвалы палотнаў, патрапіць на адкрыццё выставы, прысвечанай II Еўрапейскім гульням, нацешыцца жывым выступленнем салістаў Вялікага тэатра Беларусі. А таксама ў якасці бонуса зазірнуць у калекцыі лепшых музеяў свету. Напрыклад, здзейсніць мастацкае падарожжа дарогамі княства Ліхтэнштэйн.

Месцам прыцягнення моднікаў мінулай ноччу стаў музей з гарматай. Нацыянальны гістарычны здзіўляў праграмай "Мод найт". Апроч гістарычных квестаў, наведвальнікаў запрасілі на баль. А вось арт-панадворак стаў рэкардсменам сярод музейшчыкаў, ён працаваў да гадзіны ночы. Тут прайшоў паказ адзення беларускіх дызайнераў і тэатральныя перформансы ад акцёраў Французскага міжнароднага грамадскага аб'яднання "Тэатра".

Цана білетаў на самую культурную падзею вагалася ад 2 да 15 рублёў. Аднак некаторыя ўдзельнікі "Ночы музеяў" дыктавалі свае правілы. Так, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў уваход для наведвальнікаў у гістарычных касцюмах быў бясплатным.

Ад сну ў "Ноч музеяў" адмовіўся і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з закулісным жыццём галоўнай драматычнай пляцоўкі краіны. Таксама гледачам паказалі выставу касцюмаў і макетаў дэкарацый да спектакляў.