Узор, які лепш за ўсё характарызуе беларусаў. У Мінску прайшоў Дзень вышыванкі для замежных дыпламатаў. Удзел у свяце, арганізаваным МЗС нашай краіны, узялі дзясяткі высокіх гасцей. Практычна ўсе выканалі дрэс-код і змянілі строгія касцюмы на кашулі або майкі з беларускім арнаментам. Дарэчы, Дзень вышыванкі для дыпламатаў праводзіцца ўпершыню, але, мяркуючы па ажыятажы, свята стане традыцыйным.
Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Беларусі: «Гэты арнамент ніколі не адлюстроўваў нейкіх кепскіх імкненняў. Чаму вырашылі адзначыць разам з дыпламатамі Дзень вышыванкі? Таму што, па-першае, гэта зручны момант, каб сабрацца і пагутарыць аб праблемах, а, па-другое, я сказаў ім, што гэта будзе ваш унёсак у развіццё беларускай ідэнтычнасці, самабытнасці».
Стэфана Б'янкі, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Італіі ў Беларусі: «Гэта вельмі важныя рэчы. Гэта традыцыя, якая нагадвае маладым людзям, хто яны і адкуль. Я цалкам падтрымліваю такія ідэі і спадзяюся, што гэтае свята будзе праводзіцца пастаянна».
На Дні вышыванкі былі прапанаваныя модныя калекцыі, стваральнікі якіх чэрпалі натхненне ў традыцыйных уборах, і, вядома ж, сувеніры. Дарэчы, дыпламаты прапанавалі арганізаваць у Мінску яшчэ адно падобнае свята, на якое прадстаўнікі дыпмісій маглі бы прыйсці ў сваіх нацыянальных касцюмах.













