Стварыць нацюрморт, скульптуру ці дызайнерскі ўбор з воўны. У Мінску праходзяць «Цёплыя тыдні»: выстава старажытнага рамяства – шапавальства. Пятнаццаць лепшых майстроў-валюшнікаў паказалі свае лямцавыя творы ў розных жанрах. Ад адзення, шапак і валёнак да карцін і арт-аб'ектаў з воўны. Надзея Сербіненка пабывала на адкрыцці цёплай экспазіцыі.
Майстар па валенні Вольга Котава працуе ў даволі рэдкім напрамку – інтэр'ерны лямец. З рознакаляровай воўны яна стварае карціны. Работа «Космас» мае не толькі фантастычны сюжэт, але і двайное прызначэнне. Пры жаданні палатно можна выкарыстоўваць як цёплы плед.
«Цёплыя тыдні» ладзяцца ў Мінску другі раз і збіраюць лепшых майстроў-валюшнікаў з усёй краіны. Цацкі, аксесуары, адзенне, абутак і прадметы інтэр'ера выконваюць у тэхніцы сухога і мокрага валення. Многія работы маюць філасофскі сэнс.
Асобная частка цёплай экспазіцыі прысвечана навагодняму дэкору. Упрыгожыць навагодняе дрэва можна і цацкамі, зробленымі сваімі рукамі. На працягу двух наступных уікендаў у Пушкінскай бібліятэцы будуць ладзіцца майстар-класы па традыцыйным валенні з лямцу.
Наведвальнікі выставы могуць навучыцца азам шапавальства ў прафесіяналаў. На працягу снежня - мадэляванне адзення ў тэхніцы мокрага валення, стварэнне шматкаляровай воўны і ворк-шоп ад шапавала ў пятым пакаленні.
«Цёплыя тыдні» будуць адкрыты ў Пушкінскай бібліятэцы да чатырнаццатага снежня. Удзел у майстар-класах бясплатны.