У Мінску здымаюць паўнаметражнае беларускае фэнтэзі

26 января 2016

Летась маладыя прафесіяналы ў сферы кіно, літаратуры і музыкі аб'ядналіся для стварэння новага праекта - фільма на аснове беларускай міфалогіі і легендаў. Сцэнарый распавядае пра багатую фальклорную спадчыну нашай краіны. Першыя кадры фільма ўбачыла наш карэспандэнт Дар'я Тарасава.

Здымкі карціны "Неруш" аўтары кінапраекта пачалі яшчэ ў чэрвені 2015 года. А наперадзе ў здымачнай групы два гады працы. Гэта штодзённыя здымкі, мантаж і агучванне дэбютнай карціны.

Трэйлер да фільма стварылі для прыцягнення сродкаў і пачатку маштабных здымак. А вось каб сабраць бюджэт і даць старт здымачнаму працэсу, каманда зрабіла дзясяткі відэакліпаў і рэкламных ролікаў. Фільм - гэта своеасаблівы гісторыка-прыгодніцкі раман, дзеянне якога адбываецца ў выдуманым свеце, блізкім да сярэдневякоўя. Героі карціны, а гэта тры персанажы, сутыкаюцца са звышнатуральнымі з'явамі і істотамі. Дарэчы, у аснову сцэнарыя пакладзена балада. А вось само дзеянне разгортваецца ў лесе.

Для здымак карціны каманда выкарыстала разнастайныя сучасныя тэхналогіі: пад'ёмныя краны, стадыкамы і камеры з высокай якасцю адлюстравання. А для таго, каб атрымаць гэтыя кадры і захаваць усю прыгажосць беларускай прыроды, працавалі з квадракоптара. Асноўная частка здымак прайшла ў Беларусі, у Віцебскай вобласці, здымалі і на мяжы з Прыбалтыкай, у Друі. У некаторых сцэнах фільма будзе выкарыстоўвацца нават 3D-графіка, гэта характэрна для жанру фэнтэзі ў кіно. Асобна да фільма ствараўся і гукавы рад, у запісе саўндтрэка ўдзельнічаў хор.

Дарэчы, работа над сцэнарыем яшчэ працягваецца, і карэктывы ўносяцца падчас здымачнага працэсу. Выканаўцы галоўных роляў яшчэ да канца не вызначаныя. Але прафесійных акцёраў у кадры не будзе. Такая задумка сцэнарыста.