У Мінску праходзіць фінал нацыянальнага конкурсу "Міс Беларусь"

19 июня 2016

У Мінск гэтымі днямі з усіх рэгіёнаў з'язджаюцца найлепшыя людзі нашай краіны. Ужо ў сераду яны збяруцца ў Палацы Рэспублікі на ўсебеларускае веча. А сёння ў Палацы спорту сабралася найлепшая моладзь - самыя таленавітыя і прыгожыя. Без перабольшання, краса нацыі. Усё гэта фінал нацыянальнага конкурсу "Міс Беларусь". За карону змагаюцца 26 прэтэндэнтак. А карона - гэта ўпрыгажэнне вагой 120 грамаў, выкананае з белага золата і абсыпанае паўтысячай фіанітаў і тапазаў. Па ісціне каштоўнасць, зрэшты, як і сама Міс Беларусь, якую выбіраюць адзін раз за два гады. 

Дарэчы, разам з тытулам самая прыгожая дзяўчына атрымлівае і права прадстаўляць сёлета нашу краіну на конкурсе "Міс Свету", а таксама ўдзельнічаць у розных культурных, дабрачынных акцыях у Беларусі і за яе межамі. Так што можна сказаць, што прыгажосць - гэта не толькі знешнасць. Сёння гэта інструмент дыпламатыі, які фарміруе аблічча краіны. Сёлета конкурс юбілейны. Яго праводзяць па даручэнні Прэзідэнта з 1996 года. Асаблівасць сёлетняга конкурсу ў тым, што ён праводзіцца ў Год культуры. Не дзіўна, што яго лейтматыў - нацыянальны каларыт, тэмы беларускай мовы, культуры і гісторыі.

Павітаць удзельніц у Палац спорту прыехаў Прэзідэнт краіны.

Фінальнае дзейства конкурсу "Міс Беларусь - 2016" складаецца з чатырох дэфіле. Дзяўчаты выходзяць на сцэну ў касцюмах калекцыі з льна, стылізаваных старажытных уборах, купальніках з футравымі аксесуарамі, а таксама ў вячэрніх сукенках. Традыцыйна самыя чаканыя - дэфіле ў купальніках і вячэрніх сукенках. Тут арганізатары таксама пастараліся здзівіць. А вось журы можна паспачуваць - яно апынулася перад вельмі складаным выбарам.