Сёння ў Мінску прэзентаваў выставу сваіх работ народны мастак СССР Аляксандр Шылаў

12 июня 2013
Экспазыцыя з 43-х палотнаў дэманструецца ў рамках праграмы Культурныя сталіцы Садружнасці. З адкрыццём выставы Аляксандра Шылава павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Убачыць вядомыя і нядаўна напісаныя работы майстра сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі сабраліся VIP-персоны, сталічны бамонд і проста аматары мастацтва.

Наталля Бардзілоўская пабывала на адкрыцці.

Аляксандр Шылаў вярнуўся ў Беларусь. Амаль дзесяць гадоў таму мастак быў з выставай у Мінску, а ў 2003-м удастоіўся высокай узнагароды нашай краіны - ордэна Францыска Скарыны.

Аляксандр Шылаў, народны мастак СССР: Пазнаёміўшыся з беларускім народам, я быў здзіўлены яго дабрынёй, чысцінёй, нягледзячы на тое што гэты народ калісьці першым прыняў удар фашызму і пацярпеў больш за ўсіх.

У 2004-м персанальная выстава Шылава на Беларусі дала рэкордную лічбу: у Нацыянальным мастацкім зарэгістравалі 18 тысяч наведвальнікаў, што прыйшлі на яго паглядзець. І сёння пачатак шматабяцальны. VIP-персоны, сталічны бамонд і проста аматары мастацтва - мастака віталі людзі розных рангаў, узростаў і прафесій, розных густаў і поглядаў на жывапіс.

Многія, спасылаючыся на яго партрэтную галерэю, дзе шмат вядомых твараў і проста прыгожых жаночых вобразаў у шыкоўным багеце, называюць яго салонным мастаком. Але жывыя захапленне і слёзы ад гэтых старых-ветэранаў, што глядзяць з палотнаў з адбіткам пакут і мужнасці ў вачах. У творчасці Шылава вайна, якую Аляксандр Максавіч бачыў дзіцем. Большая частка работ знаходзіцца ў Маскоўскай дзяржаўнай карціннай галерэі яго імя і палова прывезеных у Мінск - партрэты герояў вайны.

Серыю Яны змагаліся за Радзіму Аляксандр Шылаў піша вось ужо на працягу сарака гадоў. Яго першай работай аб вайне стаў партрэт Героя Савецкага Саюза Міхаіла Вадап'янава, напісаны ў 70-х яшчэ студэнтам-сурыкаўцам Шылавым. На сённяшні дзень у серыі каля сарака работ, але яна не скончаная. Мастак працягвае пісаць ветэранаў, каб праз год-два правезці экспазыцыю памяці па ўсіх гарадах-героях.

Легендарныя і безыменныя. На палотнах твары Уладзіміра Этуша, які ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай, і Міхаіла Казакова, шасцігадовага ленінградца, выратаванага эвакуацыяй, разведчыкаў Георгія Вартаняна і Аляксея Бацяну. І невядомых байцоў, блакаднікаў…

Аляксандр Шылаў, народны мастак СССР: Частку выставы, частку сваіх работ я прысвяціў людзям, якія ваявалі. Не важна, хто яны па прафесіі. Гэта і артысты Бандарчук, Розаў, Яўген Сямёнавіч Мацвееў. Гэта і безыменны кулямётчык, які пад Псковам страціў абедзве нагі, але не спіўся і выгадаваў сына. Гэта самыя розныя людзі, якія незалежна ад прафесіі аддавалі самае святое - здароўе, жыццё - дзеля нас.

Вобразы ветэранаў прымушаюць захапляцца, свяшчэннікаў - давярацца. У мастака больш за сто работ прысвечаныя праваслаўю. У гэтым цыкле і партрэт Прадстаяцеля Праваслаўнай царквы Беларусі Мітрапаліта Філарэта. На ім Уладыка шмат гадоў таму.

Зрэшты, героем для мастака можа стаць любы чалавек. Тыпажы для работ ён знаходзіць сярод простых людзей, у паездках і на такіх вось, як сёння, сустрэчах. Сёння Шылаў расказаў пра сваю мару - напісаць партрэт беларускага героя і падарыць гэтае палатно нашай краіне.