У Мінску прадставілі экспазіцыю рэдкіх ікон з Музея старажытнабеларускай культуры

19 февраля 2019

Мастацтва, зразумелае без слоў. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава, не зусім характэрная для ўстановы. Экспазіцыя рэдкіх ікон з Музея старажытнабеларускай культуры дэманструе шматграннасць творчага і духоўнага свету чалавека. На выставе прадстаўлены святыя абразы, якія з'яўляюцца гістарычнай і культурнай каштоўнасцю. Больш падрабязна - Наталля Бардзілоўская.

Выстава прысвечана аднаму з цэнтральных хрысціянскіх святаў - Вадохрышчу. І пачатак экспазіцыі, яе ж дамінанта - ікона невядомага аўтара першай паловы 19 стагоддзя "Хрышчэнне ў Іарданіі". Абраз паходзіць з Віцебшчыны. Увогуле, большасць прадстаўленых работ - з Заходняй Беларусі, і большасць стваральнікаў сакральных твораў - ананімы.

Для мастацтвазнаўцаў - вялікая знаходка, калі на палатне ёсць датаванне і аўтарская пазнака твора. Для беларускага іканапісу гэта нячасты выпадак, але такую работу экспазіцыя прадстаўляе. Вось "Ганна навучае Марыю" - выява будучай Багародзіцы, калі яна была маленькай дзяўчынкай і сядзела на ручках у сваёй маці. Абраз з царквы Коматава, што на Гродзеншчыне, напісаў Юстын Кранц. Год 1797. На адваротах астатніх ікон больш пазнак дарыцеляў. Вось абраз Аляксандра Неўскага - падарунак Чарнавіцкай царкве, зроблены сялянамі з нагоды адмены прыгоннага права. Заказаны і прынесены ў храм у 1863 годзе. Маці Божая Пажайская - дар вялікалітоўскіх арыстакратаў Пацаў-касцёлу. Яе яшчэ называюць "Мадона Пацаў" - у гонар дарыцеляў.

Евангельскія сюжэты... Выявы хрысціянскіх святых... Самы вялікі і багаты раздзел выставы прысвечаны Божай Маці. Музей старажытнабеларускай культуры рэдка калі збірае, тым больш - вывозіць за межы сваіх залаў багародзічныя "жамчужыны", але тут выключэнне. У зале літаратурнага музея і разам - спісы самых славутых ікон Маці Марыі. Багародзіца Бялыніцкая, Новасвержанская, Астрабрамская.Божая Маці Чанстахоўская - самая блізкая нам па датаванні, пісалася ў 1938-ым годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Старажытнейшы ж абраз тут ад першай паловы 17 стагоддзя - з Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Тыповы прыклад уплыву на беларускі іканапіс еўрапейскага мастацтва. Зрэшты, у такім жа складзе выстава ўжо падарожнічала па Еўропе. Праект літаратурнага і музея старабеларускай - першы, але не апошні. На год запланаваны яшчэ тры сумесныя выставы - да Вялікадня, Дня Незалежнасці Беларусі і Пакроваў Багародзіцы (Дня Маці).