У Мінску з'явіцца музейны квартал

20 июля 2015

Зусім хутка ў Мінску з'явіцца музейны квартал. Яшчэ год таму спецыялісты завяршылі праектыроўку беларускага арт-комплексу, які параўнальны з праектамі ў Вене і Амстэрдаме. Не так даўно на лёс аб'екта звярнуў увагу і Кіраўнік дзяржавы. Музейны квартал змог бы прадстаўляць імідж усёй Беларусі.

Наталля Бардзілоўская пра тое, як ідуць працы і калі чакаць першага вернісажу. Гэта будзе комплекс з чатырох пабудоў у цэнтры Мінска: у ім экспазіцыйныя плошчы, фондасховішчы, рэстаўрацыйныя майстэрні, навуковая бібліятэка і, зразумела, месца адпачынку з паркам скульптур, кафэ і гандлёвымі кіёскамі – усё будзе звязана ў адзінае цэлае. І ўсё вакол славутага будынка з калонамі па вуліцы Леніна, 20. На жаль, ужо з моманту ўзвядзення ў пяцідзясятых ён аказаўся цесным. Разгрузіць звышнасычаную галерэю дапамагла дадатковая ўнутраная музейная прыбудова, якая з’явілася зусім нядаўна – тады і было прынята рашэнне будоўлі цэлага музейнага комплексу.

Сёлета, па рашэнні Кіраўніка дзяржавы, у падтрымку будаўніцтва Музейнага квартала выдаткавана 60 мільярдаў рублёў. А гэта зусім іншы музейны падыход, бо ўпершыню ідуць рэальныя работы па пераўтварэнні жылых карпусоў па вуліцах Маркса, Леніна і Кірава ў музейныя.

Замест запланаванага 2020-га здачу квартала будуць чакаць у 2019-м. Сёння ж у графіку работ – закрыццё катлавана каля галоўнага музейнага корпуса, унутры якога будуць размяшчацца бытавыя і падвальныя памяшканні, а наверсе – галерэі пад адкрытым небам!

Галоўнае, дзеля чаго ствараецца музейны квартал, – магчымасць прэзентацыі ўсёй калекцыі, якой валодае Нацыянальны мастацкі музей, а гэта больш за 30 тысяч прадметаў! На сённяшні дзень на плошчах установы экспануецца толькі 4% ад агульнай колькасці рарытэтаў. І хоць гэта сусветная практыка, але ў марах беларускіх музейшчыкаў – паказаць усю 31 калекцыю, якая пакуль схаваная ў запасніках.