У Мінску з’явілася новая галерэя "Мастацкі дом Угрыновіч"

12 ноября 2018

Кераміка, размаляваны посуд, карціны. Гаспадыня - Вольга Угрыновіч, спецыяліст па розных відах выяўленчага мастацтва. Сваімі асабістымі сакрэтамі майстэрства яна падзялілася з Ларысай Гулякевіч.

Гатаванне фарфоравых пірагоў. Так можна назваць яе справу. У спецыяльнай печы майстар “выпякае” талеркі, пано, кубачкі, статуэткі. Усе ідэі і дызайн належаць аўтару - Вользе Угрыновіч.


Вольга з дынастыі мастакоў. Бацька Уладзімір Угрыновіч быў майстрам па кераміцы, займаўся вывучэннем беларускай гісторыі і археалогіі. У іх доме была вялікая калекцыя посуду майстроў, якая збіралася ў розных кутках Беларусі. Маці Ларыса Угрыновіч была мадэльерам-дызайнерам, мастаком па тканіне. Бацькі Вольгі выкладалі ў Акадэміі мастацтваў. Усё разам з майстэрствам і талентам перадалося ёй у спадчыну, таму выбіраць прафесію не прыйшлося.

Аўтарскі парцалянавы посуд з адбіткамі раслін - сапраўды адмысловы і адзінкавы ў сваім родзе. Узоры на талерках ці кубках можна нават адчуваць навобмацак.

Каманда прафесіяналаў дапамагае увасобіць ідэі і мары ў рэальнасць.

Сёння яе посуд і карціны, зробленыя рукамі і з душой, жывуць у адным доме. Фамільным. У самым сэрцы Мінска, дзе адраджаюцца нацыянальныя беларускія традыцыі ў сучасным абліччы.

Замежныя госці, якія прыязджаюць у Мінск, заўсёды прывозяць дадому беларускія сувеніры. Сярод іх і цёплая кераміка ад Вольгі Угрыновіч.