У Мінску адсвяткавалі Новы год па ўсходнім календары

8 февраля 2016

Свята вясны і новага жыцця - Новы год наступіў па ўсходнім календары. Першы маладзік лютага адсвяткавалі і ў Мінску ў цэнтрах усходняй культуры. Лепка кітайскіх пельменяў, мастацтва каліграфіі і выраб талісманаў дабрабыту - можна было адчуць усе тонкасці падрыхтоўкі да галоўнага дня ўсходняга календара. Як віталі сімвал года - Вогненную малпу - у Мінску, убачыў Ян Пашкевіч.

Чжунь зіа – гэта па-кітайску свята вясны. Для Фу Юйшуан Новы год - час, калі на календары зіма, а ў душы ўжо ўсё квітнее. Хоць дзяўчына і жыве ў Мінску больш як два гады, але традыцыі свайго народа шануе. Новы год сустракае як належыць: над дзвярыма кітайскія сімвалы дабрабыту запрашаюць у хату шчасце, а гаспадыня года - Вогненная малпа - прысутнічае ў кожным пакоі.

Штогод Інстытут Канфуцыя пры лінгвістычным універсітэце падчас свята вясны ператвараецца ў майстэрню па каліграфіі і вырабе кітайскіх талісманаў дабрабыту. Упрыгажэнні, іерогліфы і нават стравы на стале - кожная дэталь мае глыбокі сэнс.

Рыба, мяса, гародніна, садавіна і традыцыйныя стравы: сустракаць Новы год па ўсходнім календары прынята з багатым сталом.

Традыцыйна ў Кітаі напярэдадні Новага года ўся сям'я збіраецца разам, каб прыгатаваць пельмені. Без гэтай стравы не абыходзіцца ніводная сустрэча свята. Вельмі важна ляпіць іх усім разам - гэта сімвал таго, што ў наступным годзе сям'я будзе моцная і шчаслівая.

Сярод усіх страў пельмені займаюць галоўнае месца: яны нагадваюць старажытныя залатыя манеты - сімвал сямейнага дастатку.

Ларыса Трыгубава, дырэктар Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ: "Інстытут Канфуцыя закліканы распаўсюджваць кітайскую культуру сярод насельніцтва нашай краіны. Усе мерапрыемствы заўсёды былі і будуць бясплатнымі для ўсіх ахвотнікаў".

У Кітаі афіцыйна сустракаюць свята вясны тры дні, але для большасці прадпрыемстваў яно расцягваецца не менш як на два тыдні. Скончацца ж святкаванні Днём ліхтароў, калі мільёны людзей запускаюць іх у неба і загадваюць самыя запаветныя жаданні.