У Мінску адкрываецца міжнародны фестываль Тэатральны куфар

21 сентября 2014

Традыцыі. Пошук. Эксперымент - пад такім дэвізам сёння адкрываецца 11-ы Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў. Сёлета праграму тыднёвага форуму цалкам зменяць. Аматарскія і прафесійныя спектаклі аб'яднаюць у тэматычныя блокі. Гэта дазволіць студэнцкім тэатрам пераняць вопыт прафесіяналаў. Найболей шматлікая група будзе прысвячацца Шэкспіру (сёлета драматургу спаўняецца 450 гадоў). У конкурсную праграму ўвойдуць 20 спектакляў, і ўсе яны будуць паказаныя ў сучаснай інтэрпрэтацыі.


Арганізатары Куфра правядуць і эксперымент. Вылучаць акцёраў з розных тэатраў, якія за некалькі дзён павінны будуць падрыхтаваць новую пастаноўку. Інтрыга захоўваецца: ніхто з удзельнікаў фестывалю не ведае, хто будзе працаваць у гэтай творчай камандзе. Члены журы не толькі пакажуць сябе як суддзі, але і дадуць майстар-клас па рэжысёрскай працы. Уладальніка Гран-пры - Вялікага куфра - па-ранейшаму абяруць гледачы.