У Мінску адкрыўся шоу-рум новага тыпу

26 января 2017

Ад мэйкапа да акцэнтаў на святочным ці штодзённым строі. У Мінску адкрыўся шоу-рум новага тыпу, дзе дызайнеры і візажысты вучаць ствараць непаўторныя вобразы. У прыватнасці, падчас майстар-класаў у студыі лепяць з гнуткай палімернай гліны кветкі – асновы для брошак, завушніц ці дэкаратыўных прадметаў інтэр'еру. На майстар-клас трапіла і Аляксандра Драгун.

Гліна для гэтай працы кардынальна адрозніваецца ад будаўнічай і ганчарнай. Навобмацак лёгкі матэрыял, быццам далікатнае зефірнае цеста. Але характар у палімернага пластыліну капрызны – сыравіна на адкрытым паветры імгненна чарсцвее. Таму замешваць гліну трэба ўмела і з неверагоднай хуткасцю.

Міла Ігнацік адной з першых у Мінску «прыручыла» аксамітную гліну. Па-гаспадарску спрытна складвае з бутонаў калье, завушніцы, пярсцёнкі, вясельныя букеты і дэкаратыўныя вянкі.

Майстар распрацавала і некалькі навучальных праграм па лепцы. Хтосьці дасканала вывучае будову палімерных кветак, хтосьці прыходзіць дзеля рэлаксу і заадно змайстраваць аўтарскае ўпрыгажэнне.

Вылепіць сваімі рукамі аснову для аўтарскага аксесуара можна нават на першым занятку. За гадзіну ў вучняў-пачаткоўцаў распускаюцца далікатныя кветкі. Гэта – мой дэбют. Нябесная гардэнія. Перш чым упрыгожыць штодзённую кофту, расліна з палімернай гліны будзе сохнуць 24 гадзіны.

Зараз Міла Ігнацік рыхтуе новую калекцыю да свята ўсіх закаханых і 8 Сакавіка. Падаконнік засеяла пунсовымі кветкамі. Букеты з гэтага мініяцюрнага ружоўніка стануць адмысловымі аксесуарамі-падарункамі.

Шоу-рум дызайнера - прынцыпова новы тып творчых студый для сталіцы. Гэта адначасова і майстэрня, і выставачны павільён, і вучэбны клас, і… салон прыгажосці. У планах - дапамагаць прыгожай палове самастойна ствараць непаўторныя вобразы – ад мэйкапа да акцэнтаў на святочным уборы.